Сяргей Дубавец

Спрэчкі апошняга часу ўводзяць у ступар. Тэмы розныя: правапіс, знос старой архітэктуры, гамафобія… А хор гучыць аднолькава. Мора патэтыкі, пераборы і перахлёсты, агрэсіўныя наезды… І паўсюль выклік — а ты «за» ці «супраць»? Ходзіш сабе й разважаеш: «за»? — ды быццам бы не. «Супраць»? — ды й ня супраць. Як у тым вершы: «Я не люблю Ганну». Ня ў сэнсе ненавіджу ці грэбую, а ў сэнсе — роўна дыхаю ў бок Ганны. Такая пазыцыя паміж «за» і «супраць», як паміж любоўю і абавязкам, называецца — устрымаўся. Гэта ня значыць, што мне па‑барабану. «Устрымаўся» — мая актыўная грамадзянская пазыцыя, найбольш адэкватная ў гэтым месцы і ў гэты час.

«Устрымаўся» сёньня ў Беларусі — найлепшы спосаб будаваньня адносінаў з іншымі, бо твае «за» ці «супраць» урэшце нічога ня вартыя й нічога ня значаць. Гэта лёгка спраўджваецца на выбарах. І такі самы вынік у спрэчак. Ад цябе не залежыць — ані зносы дамоў, ані правапіс, ані гамафобія. Мы то думаем, калі «лезем», што пратэстуем або салідарызуемся, а выходзіць — дэфармуемся і дэградуем патроху…

Гендэрная праблематыка ўварвалася ў нашы СМІ з агрэсіўным выклікам: «за» ці «супраць»? Характэрны рэпартаж паказалі на БТ. Пытаньне стаяла так: колькі працэнтаў жанчын за рулём ня возяць з сабой аптэчкі? Даішнікі спыняюць кабетак, тыя кідаюцца да багажнікаў. Ёсьць? Няма?.. А колькі ў яе тут усякіх «бабскіх штучак»!.. Ну, словам, працэнтаў 60, здаецца, з тых, каго спынілі, аварыйнага знаку ня мелі. Якія высновы? Бабы‑дуры! Каб паказаць гэта, ані сапраўднае статыстыкі ня трэба, ані параўнаньня з вадзіламі процілеглага полу. Кожнаму ясна, што такое жанчына за рулём…

А вось цэлае ток‑шоў бярэцца абмяркоўваць кабету‑цяжкаатлетку — пра няправільнасьці яе спартовай арыентацыі. Яна кажа — мне падабаецца… Стой, ты ж нараджаць ня будзеш, дура! Ды ў мяне іншыя прыярытэты па жыцьці… Жэншчына павінна раджаць! Ды я й нараджу, калі захачу… Не, ты ўжо сапсавала сабе нараджальныя дзялы!

А тут змагары ідуць на дэманстрацыю пратэсту супраць рэжыму. А тут прадстаўнікі сэксменшасьцяў кажуць — і мы супраць рэжыму! А змагары ім: а мы супраць вас, вы нас кампрамэтуеце! А тыя — і мы супраць вас! Скажам вось эўрапейцам, каб не давалі вам грошай!..

А што я? «За» ці «супраць»?

Я ўстрымаўся. Задумаўся. Якраз было 1 траўня і, у поўнай адпаведнасьці з тэмай сьвята, задумаўся пра салідарнасьць. Тэма, на першы погляд, дохлая, але толькі на першы погляд. Братэрства, любоў, аднадумства, узаемадапамога, супадзеньне інтарэсаў?.. Што яшчэ? Але гэта ўсё і так сваімі словамі называецца. А што называецца словам салідарнасьць?

Салідарнасьць — адносна новы тып чалавечых дачыненьняў. Нарадзіўся ён у часы Францускай рэвалюцыі, а найбольш поўна — як фэномэн — рэалізаваўся ў аднайменным прафсаюзе. Салідарнасьць і можа рэалізавацца толькі як салідарнасьць працоўных. Усе іншыя маркіроўкі (нацыянальная, рэлігійная, полавая) ператвараюць салідарнасьць у таталітарнасьць. Праўдзівая салідарнасьць месьціцца паміж любоўю і абавязкам. (Усё адно як паміж нашымі «за» і «супраць».)

Салідарнасьць працы не вымагае ад цябе быць «за» альбо «супраць». Яна толькі сагравае тваю душу і настройвае адпаведным чынам будаваць дачыненьні зь іншымі. Любіць Ганну гэтак жа неабавязкова, як і ненавідзець яе. Салідарнасьць працы выключае ангажаванасьць, бо ня ведае розьніцы плоці, нацыі альбо веры. Ёсьць праца і яе вымярэньне — плён — тое, па чым пазнаюць нас і мы пазнаем іншых.

naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0