Новы фэльетон з блогу Лёліка Ушкіна.

Спадабалася ў звароце кіраўніка да парлямэнту папулярызацыя дзяржаўнай палітыкі праз асацыяцыі з анатоміяй чалавека: дзяржава — гэта ствол арганізму і г.д. Адразу ўзгадаў славуты скетч зь фільму Вудзі Алена — «Усё, што Вы хацелі ведаць пра сэкс, і баяліся спытаць». Там, наадварот, анатомію чалавека ілюстравалі праз грамадзкія працэсы. Мой сьціплы плягіят.

Аддзел «Мозг»

Першы: Ну, што, калега, пачынаем. (Беручы слухаўку). Аддзел «Вочы», пакажэце залю.

Спускаецца пэрыскоп.

Другі: Што бачыце, калега?

Першы: Бачу палатнікаў. Слухай, ну і... твары!

Другі: Блін, ты ж сам іх падбіраў. Ладна ўжо, давай пачынаць. (Беручы слухаўку). Так, дайце аддзел «Язык». «Язычнікі», пачынаем прамаўляць! Што-што? Вы што там, зноў зранку пад мухай! Прамову, вашу… Што? «Вочы» не даслалі сыгналу? Зараз вырашым. І глядзіце, каб усё было пад кантролем. Ніякіх словаў па-за тэкстам: ніякіх габрэяў, травы і г.д. (Зьвяртаючыся да калегі). Слухай, яны ў «Языку» там ужо, відаць, зранку таго (пстрыкае сябе пальцам па горле).

Першы (беручы слухаўку): «Вочы», калі жадаеце каб з вамі не перарвалі кантракту, апэратыўна чытаем тэкст і перадаём сыгнал у аддзел «Язык». (Зьвяртаючыся да калегі). Што там палатнікі?

Другі (гледзячы ў пэрыскоп): Нешта расслабіўся наш дэпутацкі корпус. Трэба гаркнуць на прадстаўнікоў народу.

Першы (у слухаўку): Аддзел «Язык»! Тэрмінова дайце ў тэкст прамовы фразу «кантроль будзе жастачайшы». Паглядзі, якая рэакцыя?

Другі (гледзячы ў пэрыскоп): Быццам зноў сталі напружанымі. Нармальна.

Першы: Ну, працэс пайшоў. Цяпер галоўнае каб толькі не…

Раптам сьцены пакою пачынаюць трэсьціся. Звонку чуецца сыгнал трывогі. На стале звоніць тэлефонны апарат.

Першы (беручы слухаўку): Што такое там у вас, аддзел «Псыхіка»? Што? У сумленьні ўсплыло слова «Казулін» і перадалося ў аддзел «Язык». Адкуль? Мы ж нядаўна рабілі зачыстку сумленьня. Калега, ня стойце — займіцеся «Языком».

Другі (ў слухаўку): Алё, «Язык»? Што — моўны апарат цалкам выйшаў з-пад кантролю? Нясе ўсякую лухту. Хуценька вырубайце яго к чортавай мацеры. Я сказаў — вырубай рубільнік, шэльма! Вось так. Добра, дайце аддзел «Сэрца». «Сэрца», усё нармальна? Спрабуйце супакоіцца.

Першы: Быццам арганізм стабілізаваўся.

Другі: Даю сыгнал «Вачам» — працягваць чытаць тэкст...

Першы: Дайце аддзел «Вушы». Слухайце, што там наш «Язык» пасьпеў наламаць? Блыхі… няма нічога сьвятога… Ну, гэта яшчэ нішто сабе. Працуем далей.

Другі (гледзячы ў пэрыскоп): Быццам і час заканчваць. Дэпутаты амаль сьпяць.

Першы: Акей, аднак не забудзься гыркнуць на іх і, можа, нешта яшчэ падкінь электарату.

Другі (у слухаўку): Аддзел «Язык»! Тэрмінова дадайце ў тэкст прамовы фразу «кантроль будзе жастачайшы, і заробак будзе 700 баксаў».

Першы (выціраючы лоб): Ф-фу, быццам скончылі. Але на будучыню трэ будзе капітальна заняцца сумленьнем.

Другі (дастаючы пляшку вінчыка): Ладна, давай пакуль трохі расслабімся. Я зараз дам адпаведную каманду вэртыкалі. (Беручы слухаўку). Дайце аддзелы «Рукі» і «Ногі». Так, хлопцы, бяром клюшку і ганяем шайбу да вечара. “Мозг” просьба нейкі час не турбаваць. І глядзеце мне — кантроль будзе жастачайшы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?