18 траўня Лятучы ўніверсітэт і Беларускі Калегіюм прэзентуюць Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гг., якая пабачыла свет пад назвай «Код прысутнасці».

Прэзентацыя адбудзецца ў Галерэі Ў, пачатак а 18.30

«Магчыма, самае галоўнае, што адбылося ў жыцці краіны за апошні час, — гэта з’яўленне дыскурса сучаснага беларускага мыслення. Бо без яго Беларусь ніколі не змагла б зразумець і ўпарадкаваць самую сябе», - гэтае падсумаванне Валянціна Акудовіча датычаць часу ўзнікнення такіх знакавых для інтэлектуальнай гісторыі Беларусі праектаў, як Энцыклапедычная серыя пад рэдакцыяй А.Грыцанава і «Анталогія сучаснага беларускага мыслення» пад рэдакцыяй А.Анціпенкі і В.Акудовіча.

Каштоўнасць анталогій не толькі ў тым, што яны паказваюць багацце і разнастайнасць фактуры. Яны ствараюць пэўную праекцыю, даюць нам оптыку, якая дазваляе ўбачыць сітуацыю ў паўнаце, цэласна, пазначае адметнасць і адрознасць гэтага перыяду у параўнанні з папярэднім.

Надышоў час зрабіць наступны «зрэз» і ўбачыць той інтэлектуальны і культурны даробак, які прынеслі нам 2000-20015 гады. Другі выпуск Анталогіі беларускага мыслення выходзіць пад назвай «Код прысутнасці», самой гэтай намінацыяй пазнаючы новы этап існавання беларускага мыслення, яго сталенне і фармаванне выразных рысаў. У кнізе сабраныя тэксты розных жанраў і стыляў - тут і маніфесты, і метафізычныя развагі, крытыка падыходаў і рэакцыя на выклікі сучаснага свету, паглыбленне ў карані цывілізацыі ад самага пачатку і асэнсаванне Беларусі «якой яна ёсць».

18 траўня а 18.30 у Галерэі Ў адбудзецца прэзентацыя Анталогіі беларускага мыслення «Код прысутнасці». Сярод выступоўцаў і ганаровых гасцей - сябры рэдакцыйнай рады Тацяна Вадалажская, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Павел Баркоўскі, аўтары тэкстаў, якія ўвайшлі ў Анталогію, а таксама іх блізкія і родныя. Вядоўца імпрэзы – Максім Жбанкоў.

Арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых далучыцца да падзеі - адчуць атмасферу інтэлектуальнага асяроддзя, сустрэцца з вядомымі мыслярамі, набыць кнігу і атрымаць аўтографы аўтараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0