Рада Еўрапейскага саюза прыняла рашэнне падоўжыць памежкантроль унутры ЕС яшчэ на паўгода. Адпаведная заява размешчаная на сайце ведамства, паведамляе ТАСС.

«12 мая 2016 года Рада ўхваліла рашэнне аб вынясенні рэкамендацыі дазволіць прадаўжэнне часовага пагранічнага кантролю на ўнутраных межах у святле надзвычайных абставін», — гаворыцца ў дакуменце.

Гэта рашэнне датычыцца пяці краін ЕС. Пачынаючы з дня прыняцця рашэння Аўстрыя, Германія, Данія, Швецыя і Нарвегія павінны захаваць прапарцыянальны часовы памежны кантроль на максімальны перыяд 6 месяцаў.

У заяве адзначаецца, што кожная зацікаўленая ў прымяненні гэтай меры краіна павінна загадзя раіцца з суседнімі дзяржавамі — сябрамі ЕС, «каб пераканацца, што ўнутраны кантроль праводзіцца толькі там, дзе ён лічыцца неабходным і суразмерным у адпаведнасці з Шэнгенскім кодэксам аб межах».

Такая рэкамендацыя не прадугледжвае ўвядзенне кантролю пасажыраў, якія прыбываюць у Грэцыю або адпраўляюцца з гэтай краіны паветраным або марскім шляхам.

Краіны зоны Шэнген пачалі ўводзіць кантроль на сваіх граніцах у пачатку восені 2015 года з-за некантраляванага патоку мігрантаў. Паводле розных ацэнак, летась у ЕС прыбылі больш як 1,8 млн мігрантаў з Блізкага Усходу. Па нормах Шэнгена, да сярэдзіны мая ўсе тэрміны для часовага памежнага кантролю заканчваюцца, таму Еўракамісія і прапанавала падоўжыць гэту меру для шэрага краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0