Беларусь са зьяўленьнем найменшага сына Лукашэнкі і Расея са зьяўленьнем найлепшага сябра Пуціна — зьявы аднаго кшталту. У падмурку іх — поўная і канчатковая перамога над маральлю, дасягнутая пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючых абедзьвюх дзяржаваў. Піша Ўладзімер Някляеў.

Нічога іншага не магло стацца хоць бы з той прычыны, што абодва галоўнакамандуючыя прыйшлі да мэты (улады), скарыстоўваючы амаральныя сродкі. Пуцін — вайну і кроў у Чачэніі. У Лукашэнкі рэальнай вайны пад рукой не было, таму ён аб’явіў вайну карупцыйную. Абодва абяцалі «мачыць» і страляць. Без суду і сьледзтва. Адзін — злодзеяў‑чачэнцаў, другі — прайдзісьветаў‑карупцыянэраў, былых, ненавісных народу, партыйна‑савецкіх апаратчыкаў. У выніку — чачэнцаў паменела. А злодзеяў, прайдзісьветаў і карупцыянэраў стала столькі, колькі іх не было ў Расеі, а тым больш у Беларусі, ніколі.

Ракіроўка Пуцін — Мядзведзеў — гэта не адно дэманстрацыя карупцыі на самай вяршыні ўлады. Гэта сьведчаньне поўнай перамогі амаральнасьці над маральлю, бо ў «войску», зь якім рухаўся Пуцін да сваёй «перамогі», было і расейскае чынавенства, і духавенства, увесь сёньняшні расейскі істэблішмэнт. Уключна з тымі (зь нязначнымі выняткамі), хто называе сябе рускай інтэлігенцыяй.

Магчымая ракіроўка Лукашэнка‑бацька — Лукашэнка‑сын (наймаладзейшы ці сярэдне‑старэйшы) — гэта не адно дэманстрацыя той жа, што ў Расеі, ці нават яшчэ большай карупцыі: ажно да ўсталяваньня ўлады дынастычнай. Гэта зноў жа, як і ў Расеі, сьведчаньне поўнай перамогі амаральнасьці над маральлю. Бо ўвесь, які ён ні ёсьць, беларускі «істэблішмэнт», усё гэтае «пацешнае войска» Лукашэнкі, ягоныя міністры, дэпутаты, сэнатары і г. д. зь лісьлівай удзячнасьцю зьядаюць любы кавалак, які ён ім грэбліва кідае. І бачаць жа, што імі грэбуюць, а просяць яшчэ і яшчэ. Ні гонару ў сэрцы, ні сумленьня ў душы, нібы на месцы сумленьня насамрэч вырас нейкі іншы орган, пра які сказаў некалі сам Лукашэнка. І калі дзьве траціны з гэтых людзей растуць сабе на тым, што ім кідаюць, як трава расьце, дык як жывуць астатнія, якія здольныя мысьліць, а значыць, рэфлектаваць, для мяне пытаньне. Найперш маральнае.

За час кіраваньня Лукашэнкі ўнутры ягонай вэртыкалі выбудавалася яшчэ адна вэртыкаль, пазбаўленая ўжо ня толькі маралі, але, як яно ні дзіўна, можа быць, гучыць, нават амаральнасьці. Там, дзе подласьць лічыцца годнасьцю (ну хоць бы ў зьнявазе нацыянальнай мовы і культуры), маральныя катэгорыі проста не прысутнічаюць. Ні з дадатным, ні з адмоўным знакам).

Яшчэ пытаньне: чаму такімі доўгатэрміновымі, у межах жыцьця, праектамі (прэзэнтацыя юнага пераемніка, будаўніцтва АЭС) Лукашэнка з гэткім імпэтам заняўся па вяртаньні з Сочы, дзе на пачатку лютага сустрэўся з «салодкай парачкай» Пуцін‑Мядзьведзеў? Як па ўсім выглядае, ён атрымаў ад іх блаславеньне на вечнае цараваньне. Карт‑блянш на пажыцьцёвую ўладу. А значыць, і на любыя праекты ў межах жыцьця — і нават па‑за імі.

Цяпер пытаньне пра цану дамоўленасьці… За што такія шчадроты? Чым можа «бацька» аддзячыць «братанам»?

Адказ, мяркую, вось у чым.

«З словаў міністра абароны РФ, аб’яднаньне патэнцыялаў Расеі і Беларусі ў абароннай сфэры зьяўляецца найважнейшым фактарам нэўтралізацыі любых агрэсіўных выклікаў і пагроз… Пашырэньне НАТА, пляны стварэньня амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы, абвастрэньне сытуацыі на Бліжнім Усходзе патрабуюць яшчэ больш цеснай каардынацыі паміж абароннымі ведамствамі Беларусі і Расеі». (БелТА).

«Расейскі міністар таксама адзначыў, што, згодна з ацэнкамі Масквы, плян двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй выконваецца дастаткова эфэктыўна і з апярэджаньнем». («Інтэрфакс»).

Калі б ЗША ў адказ на дыпляматычную агрэсію зьліквідавалі сваё пасольства ў Менску, дык дывізіён расейскіх ракет пад Смургонямі мы б мелі ўжо сёньня.

Кожнаму хочацца гуляцца. Ці зь нечым, ці ў нешта. Ва ўсякім разе, праз вайсковыя гульні ва ўладароў сьвету альбо праз прэтэнзіі на гэта, зразумелымі становяцца гульні, так бы мовіць, дыпляматычныя. У тым ліку нядаўні, і пакуль не пераадолены, крызіс у беларуска‑амэрыканскіх стасунках. Мяркую, што, калі б ЗША ў адказ на дыпляматычную агрэсію Беларусі (відавочна падагрэтую Расеяй) зьліквідавалі сваё пасольства ў Менску і зачынілі беларускае пасольства ў Вашынгтоне, дык дывізіён расейскіх ракет дзе‑небудзь пад Смургонямі мы б мелі ўжо сёньня. А праз тое — вялізны міжнародны скандал з урэгуляваньнем і таргамі вакол яго, што так дарэчы паклалася б на пачатак прэзыдэнцтва чалавека, якога Лукашэнка публічна называе не Мядзьведзеў, а Медзьвядзёў. Публічна і паблажліва называе, бо карт‑блянш на вечную ўладу не ў таго. І гэта (як і яўленьне юнага пераемніка, і пасланьне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу) зноў жа дэманстрацыя: з тым, хто насамрэч кіруе і будзе кіраваць Расеяй, мы цяпер «кореша», таму дамовіліся адзін аднаму не замінаць, згадзіўшыся на нейкі час на нейкага Мядзьвядзёва.

І апошняе.

На месцы Аляксандра Рыгорывіча (а тым больш на месцы Ўладзіміра Ўладзіміравіча) я ня быў бы такім паблажлівым у адносінах да Дзьмітрыя Анатольевіча. Як мне ўяўляецца, у гэтым «нейкім Медзьвядзёве» затоена нейкая вялікая пагроза. Ва ўсякім разе, значна большая за тую, якая бачыцца міністру абароны РФ у пашырэньні НАТА. Пуцін абклаў свайго прызначэнца на пасаду прэзыдэнта з усіх бакоў так, што таму самастойна нібыта і не зварухнуцца. Але адно — быць абкладзеным на подступах да ўлады, і зусім іншае — займеўшы яе. Калі ты, няхай фармальна, яе найвышэйшы носьбіт. Гледзячы на зусім ня просьценькага, зь відавочнымі псыхалягічнымі прадоньнямі новага прэзыдэнта Расеі, я думаю, што спробы вырвацца за чырвоныя сьцяжкі ня змусяць сябе доўга чакаць — і тады шмат што можа афарбавацца чырвоным. Не празь нейкую там вялікую ідэю, а праз амбіцыі. Ды яшчэ праз тое, што грошы ня так падзеленыя.

Зрэшты, нельга скідваць з рахункаў і вялікую ідэю. Вось яна.

«Уважаемый Владимир Владимирович! Меня зовут Михайлов Сергей, я из Владивостока. Я лично считаю Белоруссию и весь Крым «чисто» российской территорией! Я даже на своём глобусе эти границы пометил! У меня такой вопрос к вам: будут ли эти нарисованные мною границы на глобусе реальны хотя бы в ближайшие лет 5? Я очень надеюсь, что это станет полностью реальностью, ведь эти территории по праву пренадлежат к нашей великой стране! Заранее спасибо!» (З пытаньняў грамадзянаў РФ прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі).

Можа здацца, што гэтае пытаньне задаў свайму галоўнакамандуючаму і заадно прэзыдэнту які‑небудзь адстаўны ваяка. Але не. Сяргею Міхайлаву з Уладзівастоку (дзе той Уладзівасток — і дзе Крым зь Беларусьсю, і што б яму, здавалася, да іх?) 17 гадоў. Ён нарадзіўся, вырас і выхаваўся ўжо ў новай, як любіць казаць Пуцін і ўся ягоная раць, Расеі. Што ж тады ў ёй, новай, новага?.. І калі я думаю пра гэта, дык не‑не дый памалюся за Беларусь і Расею, дзе родныя мае і крэўныя: «Госпадзі, зратуй і захавай…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0