13 мая Папа Рымскі Францішак прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі — мансіньёра Габара Пінтэра, які да гэтага быў дарадцам Апостальскай нунцыятуры ў Вене. Пра гэта паведамляе catholic.by

Апостальскі нунцый з’яўляецца пастаянным прадстаўніком пантыфіка ў дзяржаве і мясцовым Касцёле. Нунцый з'яўляецца галоўным дыпламатам Ватыкана ў краіне, у якую ён пасланы — ён умацоўвае двухбаковыя сувязі і сувязь паміж Святым Пасадам і беларускімі католікамі, падтрымлівае парадамі і прыкладам мясцовых біскупаў, абараняе інтарэсы Касцёла і краіны.

«Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікаю ўсіх вас маліцца аб поспеху місіі новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі, на карысць Касцёла і нашага народа», — сказаў у звароце на сайце Catholic.by пра прызначэнне новага Нунцыя Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

***

Габар Пінтэр (Gábor Pintér) нарадзіўся 9 сакавіка 1964 г. у Венгрыі, стаў святаром ў 24 гады, а на дыпламатычнай службе Ватыкана знаходзіцца з 1996 г. Ён працаваў у Гаіці, Балівіі, краінах Скандынавіі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Валодае нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, крэольскай, шведскай і расійскай мовамі.

У снежні 2015 году закончыў сваё служэнне на Беларусі папярэдні нунцый — арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Ён запомніўся беларусам-католікам вялікай павагай да беларускай мовы і культуры, увагай да жыцця звычайных вернікаў, блізкасцю да беларускай моладзі. Зараз арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці — Апостальскі нунцый ва Украіне.

***

Спіс апостальскіх нунцыяў у Беларусі:

Габрыэль Мантальва Ігера (Калумбія, 1993—1994), Агасціна Маркета (Італія, 1994—1996), Дамінік Грушаўскі (Славакія, 1996-2001), Іван Юркавіч (Славенія, 2001—2004), Марцін Відавіч (Харватыя, 2004—2011), Клаўдыа Гуджэроці (Італія, 2011—2015).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?