Смажаньне вепрукоў пад жніво (па‑партызанску). Успаміны, трохі з нагоды спрэчак вакол крыжа ў Дражне.

У сярэдзіне ліпеня 1943 году, пад жніво, у нашую невялікую, двароў на дваццаць пяць, вёску завітаў атрад партызанаў зь Любаншчыны. Чалавек трыццаць, а мо і болей. Усе пры зброі. Акрамя вінтовак мелі ўжо і два аўтаматы ППШ, ручны кулямёт. І калі раней, вясною, абышоўшы за ноч навакольныя вёскі ў пошуках ежы і вопраткі, партызаны на дзень зьнікалі ў недалёкім лесе, то цяпер вырашылі кватараваць, хоць ад нашай вёскі да нямецка‑паліцэйскага гарнізону ў вёсцы Вясея было ўсяго восем кілямэтраў. Тым летам акупанты вельмі рэдка зазіралі сюды, магчыма, не хацелі рызыкаваць, бо партызаны ўжо кантралявалі дарогі, што вялі са Слуцку ў глыбінку.

У нашу хату падсялілі двух маладых хлапцоў, якія, мяркуючы па іх гамонцы, былі тутэйшымі, случчакамі паводле нараджэньня. Раніцай маці налівала ім па кубку малака, наразала хлеба, яны насьпех сьнедалі і зьнікалі да палудня, а то і на цэлы дзень. Іх гасьцяваньне ў хаце пазбавіла маці неабходнасьці амаль штоночы чуць з двара грукат у дзьверы і такі ўжо звыклы грубы покліч: «Хозяйка, открой!» Звычайна партызаны, незнаёмыя, заходзілі без прывітальнага слова, адразу пачыналі шныраць па ўсіх кутках, заглядваць пад ложкі, у падпечак — шукаючы хатніх рэчаў і самагону. Калі нічога не знаходзілі, з лаянкай выходзілі.

А гэтыя два кватаранты з трафэйнымі нямецкімі карабінамі патрабавалі толькі ежы, хоць запасаў прадуктаў у хаце было небагата, бо едакоў, з улікам шасьцярых малых дзяцей і бацькоў, было восем. Неяк надвячоркам кватаранты загадалі бацьку запрагаць каня. На пытаньне, куды яны зьбіраюцца ехаць нанач, адказ быў кароткім: «Не твая, бацька, справа, куды трэба, туды і махнем, а каня раніцай вернем». На сьвітаньні, яшчэ да ўзыходу сонца, вярнуліся, заехалі ў двор: на драбінках, засьцеленых саломай, ляжаў чорны вяпрук кіляграмаў ня меней за сто пяцьдзясят з прастрэленай ля вуха галавой. Партызаны далі бацьку наказ: асмаліць сёньня ж, частку сьвежыны пакінуць ім, бо на абед будуць прыходзіць яшчэ два іхныя хлапцы, астатняе мяса яны раздадуць па хатах, дзе кватаруюць партызаны. Параілі нашай маці сьпячы паболей боханаў хлеба. Бацька пацікавіўся, дзе яны ўпалявалі такога вепрука. Назвалі прыгарадную вёску Падзера. Адтуль, маўляў, прывезьлі хлапцы яшчэ аднаго. А каб жыхары вёскі ня чулі стрэлаў, забівалі вепрукоў зь пісталету, на рулю якога насаджвалі глушыльнік. А гаспадару двара наказвалі, каб нікому з суседзяў і слова не сказаў пра іхны начны візыт да яго. І той маўчаў.

Смаліць трафэйнага вепрука ў двары было небясьпечна, бо пры ліпеньскай сьпёцы ды пад вецер іскры маглі трапіць на саламяную страху. Таму бацька выбраў месца пад суседзкай старой грушай‑дзічкай, дзе зелянела трава, і адкуль было далекавата да хаты і хлявоў. Бацька прынёс з гумна куль выбранай яшчэ зь мінулай восені жытнёвай саломы і празь нейкую гадзіну асмаліў вепрука і разьдзелаў яго так, як навучыўся з маленства, калі рос зь сястрой пасьля заўчаснай сьмерці бацькі.

Атрад прастаяў у вёсцы тыдні тры, за гэты час вандроўкі партызанаў у прыгарадныя вёскі па сьвежыну паўтараліся два ці тры разы, але трафэі разгружалі ў іншых дварох. А паколькі сьпёка днём не спадала, то мяса, якое бацька пакінуў для дваіх кватарантаў, пачало псавацца. Склепа на падворку не было, а яшчэ і вельмі блізка ад паверхні зямлі стаяла вада. Выйсьце ён адшукаў, апусьціўшы вялікае драўлянае вядро зь мясам у калодзеж, у прытык да вады.

На абед за стол садзілася чацьвёра едакоў пры зброі. Маці падавала дзьве ці тры патэльні смажанкі з цыбуляй, міску нарэзанай квашанай у бочцы капусты. Наразала бохан хлеба і госьці з апэтытам уміналі, нярэдка пад пляшку недзе набытага самагону.

І ўсё ж калодзеж — ня склеп і не халадзільнік, а таму і нашы кватаранты, пасьля ўжываньня заляжалага мяса, сталі часьцяком бегаць за хлеў у маліньнік. З паносам. У выніку рэшту мяса бацька аддаў суседзкім сабакам.

Неўзабаве атрад, нічым асаблівым не праявіўшы сябе ў баявых справах, хіба што на чыгунцы паблізу разы два падарваўшы некалькі дзясяткаў рэек, адбыў на месца сваёй пастаяннай стаянкі — у лясох за Любанем.

Начныя вандроўкі партызанаў па вёсках у пошуку харчовых прыпасаў ці жывёлы, а здаралася, што забіралі з хлявоў і кароваў, заканчваліся па‑мірнаму, зь няшумным адстрэлам вепрукоў. У тым годзе вясной у вёску Машчыцы да аднаго селяніна завіталі ноччу двое ўзброеных мужчынаў, якія назвалі сябе партызанамі і заявілі, што забяруць гаспадаровага каня. Той стаў угаворваць іх не рабіць яму шкоды, бо без каня ён ня зможа абрабляць надзел зямлі, які атрымаў пасьля падзелу калгасу. А ў хаце жонка і чацьвёра малых дзетак. Тыя адмахнуліся, таўхануўшы ў грудзі гаспадара. А ён на гэта схапіў сякеру, што была паблізу, і раскроіў чарапы абодвум вымагальнікам‑рабаўнікам. Апамятаўшыся, зьбег зь сям’ёю ў горад, баючыся помсты партызанаў. І ўжо назад не вярнуўся.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?