Царква хоча збудаваць на Вайсковых могілках прыхадскі дом над магіламі ФОТА
У рэдакцыю «НН» прыйшоў ліст ад чытача, у якім распавядаецца пра будаўніцтва парафіяльнага дома на Вайсковых могілках «у сувязі з рэарганізацыяй». У буклетах адзначана, што ўсе агароджы, крыжы і пастаменты, якія не ўяўляюць гістарычную і эстэтычную каштоўнасць, будуць прыбраныя.


На месцы могілак плануецца «аздаравіць расліннасць», «павялічыць тэрыторыю бруку», а вакол храма пабудаваць парафіяльны дом. На саміх могілках адміністрацыя павесіла шыльды з папярэджаннем. Маўляў, калі за наступныя два гады магілы не будуць упарадкаваныя, надмагільныя збудаванні могуць быць дэмантаваныя і ўтылізаваныя.

Сяргей Тур, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы «Спецкамбіната КБА», запэўнівае, што ніводная магіла не будзе пашкоджаная ці знесеная.


«Усяго было знойдзена больш за 2300 закінутых пахаванняў. Сёння на Вайсковых могілках пахавана больш за 7000 чалавек. У жніўні 2017 года мы будзем добраўпарадкоўваць закінутыя могілкі, калі не знойдзем сваякоў. Але ніводнае пахаванне не будзе знесенае, будзе проста добраўпарадкаванне могілак. У выпадку, калі памятнік, крыж ці іншыя надмагільныя збудаванні нельга будзе аднавіць, на яго месцы будзе пастаўлены адзін з варыянтаў ідэнтыфікацыйных знакаў. Гэта будзе ці крыж, ці тумба, ці пастамент, пакуль гэта знаходзіцца на зацвярджэнні ў Мінгарвыканкаме».

Прадстаўнік «Спецкамбіната КБА» адзначыў, што будаўніцтвам парафіяльнага дома і добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаецца непасрэдна храм, але без дазволу Мінгарвыканкама і Міністэрства культуры яны нічога не змогуць будаваць.

У Аляксандра-Неўскага храма сваё бачанне сітуацыі. Там сцвярджаюць, што быў распланаваны праект, паводле якога над могілкамі будуць стаяць аркі, а храм такім чынам зможа зрабіць на другім паверсе пакоі, дзе святары змогуць пераапрануцца і адпачыць.
«Паглядзіце, колькі тут неўпарадкаваных магілаў каля храма! Мы ж прапанавалі зрабіць проста мемарыяльныя пліты, а побач пракласці дарогу, каб людзям было дзе развярнуцца. Гэта такія знакавыя могілкі, а людзі не могуць, прабачце, у туалет схадзіць, бо яго няма, не могуць заехаць машыны, калі прывозяць целы для адпявання, і бацюшкам няма дзе пераапрануцца», — кажа Мікалай Лук'янчык, галоўны архітэктар па рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні часткі могілак у ахоўнай зоне храму. Па яго словах, Мінгарвыканкам падтрымаў ідэю з аркамі над могілкамі, але не змог ухваліць, спасылаючыся на заканадаўства. «А мы не збіраліся пераносіць ці зруйнаваць могілкі, мы хочам іх добраўпарадкаваць і даць людзям больш прасторы», — дадае ён.
Каментары