Сейм Літвы заклікае прыняць меры для спынення будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Адпаведную рэзалюцыю літоўскі парламент прыняў 12 мая «ў сувязі з магчымай небяспекай для Літвы Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая будуецца за 50 км ад Вільнюса».

Літоўскія дэпутаты заклікалі свой урад «прыняць усе неабходныя дыпламатычныя, юрыдычныя, тэхнічныя меры, каб будаўніцтва было спынена», паведамляе навінавы партал Delfi. Парламентарыі таксама вырашылі «накіраваць Беларусі сігнал, што Літва не прыме электраэнергію, якая будзе выпрацоўвацца на гэтай АЭС», у сувязі з чым Кабінету міністраў прапанавана «неадкладна, вельмі цвёрда і ў катэгарычным выглядзе выказаць Беларусі волю Літвы».

Паводле інфармацыі партала, да 1 чэрвеня ўрад павінен прадставіць дэпутатам план канкрэтных дзеянняў у гэтым кірунку.

Паведамляецца таксама, што прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус мае намер абмеркаваць праблему бяспекі БелАЭС са старшынёй Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам.

Нагадаем, 5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за «магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільнюса Астравецкай атамнай электрастанцыі». Падставай для гэтага стала апублікаваная на сайце тэлеканала «Белсат» інфармацыя аб абрушэнні ў сярэдзіне красавіка стоек будынка ядзернага абслугоўвання электрастанцыі, які ўзводзіцца.

На наступны дзень Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых работах, наступствы якога ліквідаваныя.

У той жа дзень у Мінэнерга прайшла сустрэча намесніка міністра Уладзіміра Закрэўскага з паслом Літвы ў Беларусі Эвалдасам Ігнатавічусам, падчас якой дыпламата запрасілі наведаць пляцоўку станцыі. Затым пасол быў прыняты ў МЗС Беларусі, дзе яму была перададзена афіцыйная інфармацыя аб адсутнасці якіх-небудзь інцыдэнтаў на будпляцоўцы. 10 мая стала вядома, што дыпламат адмовіўся ад запрашэння наведаць будпляцоўку, спаслаўшыся на тое, што бяспеку станцыі «павінны ацэньваць эксперты».

Афіцыйны Вільнюс неаднаразова падкрэсліваў, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспаа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб'ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?