Да знаёмства з Валянцінай Лойкай я лічыла, што з саломы можна рабіць толькі забавачкі ў псэўданародным стылі. Аказалася, з саломы можна асэнсоўваць жыцьцё.

З саломы, чароту, сена, каменьчыкаў, гліны Валя робіць настолькі стылёвыя, сучасныя, таленавітыя і нечаканыя рэчы, што гэта нават бянтэжыць. Апісваць іх не змагу — гэта трэ бачыць.

У ейнай студыі безьліч дзіўных рэчаў.

«Нядаўна зрабіла з чароту Ладу для клюбу «Бронкс», — дэманструе Валя свае манументальныя спаруды. Была восень — рабіліся восеньскія выявы. Зіма запатрабавала каляднай сімволікі. На Нараджэньне Хрыстова аздобілі капліцу ў Сеабранцы: шасьцімэтровы саламяны анёлак лунаў ў касьцёле, пазіраючы лупатымі вачыма на вернікаў і дванаццаць авечак, што зьбягалі з алтара падзівіцца на цуд Божага Нараджэньня. «Самы вялікі анёлак у Менску! Не — ува ўсёй Беларусі! А можа, і ў сьвеце?» — прамаўляў ксёндз Ігар Лашук з амбону. Ідзе вясна. Будзе «Гуканьне». Трэба рабіць вясновую візію: «Марэну» на спаленьне, дрэўцы‑штандары, птушак. Потым будзе Юр’е — Лада, Ярыла. Прыйдзе лета — будзе Купальле… І гэтак далей, і з году ў год.

Дом Валі глядзіць вокнамі на возера і на далёкія шматпавярховікі, а падворак нагадвае нейкі сярэднявечны горад: драўляныя насьцілы‑тратуары, драўляныя будыначкі па пэрымэтры, будачкі, пад якімі сохнуць снапы жыта… У доме, нягледзячы на недабудаванасьць, усё абжыта: карціны, кнігі, вялізныя пукі сухой гіпсафілы пад стольлю. Валя сама спраектавала дом, сама зрабіла печы. «І цягнуць печы? Добра гараць?» — пытаюся я. — «Дзьве добрыя, аж гудуць, а дзьве не ўдаліся!»

«О тут, — адчыняе яна дзьверы ў невялічкую хатачку, — у мяне нейкі час жыў гурт «Нагуаль», о тут, — выводзіць мяне ў сад, — мы праводзілі прэзэнтацыю часопісу «Паміж», калі я вучылася ў Беларускім калегіюме».

Валя Лойка — гэта такі ўсясьвет, які рухаецца менскімі вуліцамі — ад дзіўнай Вясьнянкі, дзе яна жыве, да дзіўнай Кірава, дзе працуе ў Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі — ствараючы завіхрэньні электронаў і фатонаў і выгінаючы прастору і час.

«Час… Я згубілася ў складках часу, зьнерухомела і маўчу», — гаворыць яна, сьціскаючы перад грудзьмі спрацаваныя рукі. Вельмі красамоўныя рукі.

Валя — адна з самых гожых жанчын, якіх мне даводзілася сустракаць. У прыгажосьці невысокай паставы і графічна акрэсьленых рысаў твару няма анічога ад пустаты — неабходнага складніку прыгажосьці а‑ля тэлебачаньне і часопіс Elle.

Валя з тых людзей, для якіх філязофія, думаньне — неад’емная частка існаваньня. Прычым, падалося, яна зь вельмі сымпатычных філёзафаў, якія думаюць ня толькі (а мо і ня столькі) думкамі, колькі неяк інакш. Можа, яны нешта чуюць?

«Усе свае адкрыцьці я зрабіла, калі працавала. Мне трэба многа працаваць, рабіць на зямлі, рабіць сваё рамяство — і тады прыходзяць адкрыцьці. «Я ведаю нешта, чаго ня ведае ў сьвеце ніхто. Мне кажуць — напішы. Не. Будзе вусна. О гэта жанр!» — усьміхаецца яна.

«Я раблю рэчы з саломы. Яны нявечныя, — тлумачыць Валя. — Я не насьмячу на Зямлі. Вось карціны, скульптуры, іх трэба захоўваць, будаваць ім памяшканьні». Гэтая адказнасьць перад вечнасьцю, мусіць, сямейная рыса ў Лойкаў: ці не таму брат Валі Генік Лойка штогод ладзіць фэстывалі скульптур зь пяску? Велічная пясчаная Рагнеда, велічныя пясчаныя князі, велічныя пясчаныя цмокі рассыпаюцца пад дажджамі і вятрамі…

«Мая бабуля ведала ўсё (за рэдкім выключэньнем). Я ня ведаю нічога (за рэдкім выключэньнем). Бо не стае мне веры, што сучасны шлях цалкам слушны».

Ня вельмі часта Валя піша. Як назваць тое, што ў яе выходзіць, — ня ведаю. Вершы? Можа. Часам у сямі словах яна выкажа столькі, колькі ня скажуць цэлыя тамы. Да гэтай сэнсавай і вобразнай напоўненасьці мае дачыненьне і мова Валі — гарадзенская гаворка, ненармаваная і жывая, безабаронная перад вечнасьцю.

Маю гонар і ўдачу прадставіць вам Валю Лойку, жанчыну, якая ўмее маркіраваць час.

Наталка Бабіна


Валянціна Лойка. Фота Андрэя Лянкевіча

      Агонь

      Верасень прыйшоў
      Прыйшла школа
      Пустая зьнясіленая летам
      Прыпадаю да восені
      Усё ссохло
      Усё спустошылось
      Сухія трэскі лета
      Падпалю
      Распалю ў сабе агонь
      Сагрэю дзяцей
      Хай гарыць
      На год цяпла хопіць


      Ахвярапрыношаньне

      Хворага катка прынесла малая ў хату
      Я так уздыхнула
      Каток забэсьціў усё.
      Муж сышоў ад нас
      Адзінота і страх здушылі сьціснулі міне
      Балюшчыя спухлыя вочы
      Вярнуўся!
      О, дарагі! Усё цьвіце скрозь боль,
      Непахісны ён і цьвёрды:
      «Усыпі ката»
      Забіць? Зарэзаць?
      Возьмем нож
      Пойдзем у гарод
      І пральем кроў
      На «алтар любові»
      2 ідыёты
      10 дзён прайшло
      Ужэ цячэ з катка
      Ужэ заслаб зусім
      А хоць усё жыцьцё!
      Толькі ні рабіце
      Дзеўцы
      Такіх прапановаў
      Ніколі


      * * *
      Мы ж не дрэвы —
      Палова ў зямлі
      Палова ў паветры.
      Не птушкі ў небе
      Не рыбы ў вадзе
      Мы можам ісьці па зямлі
      То трэба крэсьліць свой шлях


      * * *
      Нешто так не дае мне жыць
      Так мяшае
      А я ўсё падладжваюся
      Каб тое не скінуць
      Шаную
      Не зачапіць
      Я пад ніз прарасту
      Збоку. Зьверху
      Сагнуся
      Выкручуся
      Нічого
      Некі кручаны такі
      Палучаецца чалавек
      Цікавы
      Не просты
      Дзеці ў лесе
      Цікавы кручок знойдуць —
      Дзівяцца
      Трэба зьдзіўляцца
      У гэтай эмоцыі вялікая ўлада
      Я ёй служу
      А вот скінуць усё
      Каб не мяшало расьці роўно
      Стаць простым чалавекам
      Аднолькавым.


      * * *
      Не варушуся
      Урасла
      Парушуся
      І боль раблю
      Усім
      Хто побач
      (далёкім не)
      Паверхневы боль


      Гэто грэх

      Грэх — гэто не дрэннае
      А дрэнна зробленае


      Спакуса

      Шмат ежы
      Чалавеку трэба цярпець
      Стрымлівацца
      Мало нам цярпеньня?
      Дык не — спакусы нарабілі
      Змардаваная воля
      Чуць прыдрэмле
      І прагнеш грошай
      Усе даўно і моцно
      Прагнуць грошай
      Як то вылезьці
      З натоўпу?


      Від зьнізу


      Праект катэджа
      Пляную зьверху
      Дыктат прасторы
      Дыктат паводзін
      Я праектую

      Праект катэджа
      Пляную збоку
      Каб быў прэстыжны
      Каб быў на зайздрасьць
      Я праектую

      Праект катэджа
      Пляную з цэнтру
      Каб было добро
      Было ўтульно
      І цеплыня

      Праект катэджа

      Гляджу я зьнізу
      Даўно ўжэ зьнізу
      І бачу небо
      І толькі небо


      Сям’я

      На край сьвету за табой?
      Нашто ты клічаш міне на край
      Хлопец?
      Чаму ты ўсё на краі
      Я ж не магу туды
      Я не друг табе
      Я — дзеўка
      Я шукаю цэнтру
      Не турзай міне
      Бо ўрастаю
      Пускаю карэні


      Крах маралі

      Трэба
      Кожну
      Работу
      Рабіць
      Добро
      Мэталам чэканю дзіцяці і мужу мараль
      Памёр кантралёр з Кастрычніцкай
      Адхлынуло —
      не трэба
      не кожну
      не работу
      не рабіць
      не добро


      * * *
      Я сплю з сумкай
      Валаку яе ў пасьцель
      Бо там усё маё
      І ўсё можа спатрэбіцца
      У найвялікшы момант асалоды —
      Падумаць перад сном
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0