У Маскве па ініцыятыве партыі «Камуністы Расіі» прайшоў устаноўчы з'езд грамадскай арганізацыі «Атэісты Расіі».

Мерапрыемства завяршылася прыняццем статута новай грамадскай арганізацыі.

«Адна з мэтаў арганізацыі — гэта разгортванне па ўсёй краіне масавай прапаганды за навукова-натуральны светапогляд і навуковы аналіз рэчаіснасці супраць забабонаў і цемрашальства», — заявіў старшыня аргкамітэта з'езда Ілля Ульянаў.

Ён дадаў, што «вернікі і атэісты павінны валодаць аднолькавымі правамі». Дзяржава і царква не павінны ўмешвацца ў справы адна адной, мяркуе Ульянаў.

Ён таксама лічыць, што КПРФ (самая шматлікая камуністычная арганізацыя Расіі) адмовілася ад абароны правоў атэістаў і пайшла на змову з рэлігійнымі арганізацыямі.

У 2016 годзе некаторыя мясцовыя арганізацыі КПРФ адмовіліся ад правядзення першамайскіх дэманстрацый, паколькі дзень салідарнасці працоўных супаў з праваслаўным Вялікаднем.

РПЦ палічыла такі крок немэтазгодным.

У Маскве першамайскія дэманстрацыі адбыліся, а лідар КПРФ Генадзь Зюганаў у чарговы раз заявіў, што лічыць Ісуса Хрыста першым камуністам.

«Камуністы Расіі» выступаюць за дыялог атэістаў з вернікамі, але лічаць, што артыкул Канстытуцыі аб свецкім характары дзяржавы павінен няўхільна выконвацца.

У абвешчанай на з'ездзе рэзалюцыі атэісты выказалі падтрымку партыі «Камуністы Расіі» на маючых адбыцца ў верасні выбарах у Дзяржаўную Думу.

У працы з'езда прынялі ўдзел 289 дэлегатаў з 50 рэгіёнаў Расіі. Сярэдні ўзрост удзельнікаў складаў каля 50 гадоў.

Новая арганізацыя плануе падаць заяву аб рэгістрацыі ў міністэрства юстыцыі РФ.

Некаторыя СМІ звярнулі ўвагу на тое, што з'езд прайшоў у пятніцу, 13 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?