15.05.2016 / 11:14

Мутко выбачаецца за допінг-скандал і просіць пусціць расіян на Алімпіяду 12

Міністр спорту Расіі Віталь Мутко папрасіў прабачэння за допінг-скандал, у выніку якога расійскіх лёгкаатлетаў могуць не дапусціць да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра ў жніўні гэтага года.

EPA

У артыкуле, апублікаваным у брытанскай газеце Sunday Times, Мутко прызнае, што «сур'ёзныя памылкі былі дапушчаныя кіраўніцтвам Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (УФЛА), а таксама спартоўцамі і трэнерамі, якія парушылі антыдопінгавыя правілы і забыліся на прынцыпы сумленнай гульні, гэтак фундаментальныя для спорту, дзеля імгненнага поспеху».

«Я хачу ўнесці яснасць. Нам сорамна за іх», — заяўляе расійскі міністр спорту.

«Мы прыносім прабачэнні за тое, што атлеты, якія спрабавалі падмануць нас і ўвесь свет, не былі злоўленыя раней, — дадае Мутко. — Мы прыносім прабачэнні, таму што Расія прыхільная найвышэйшым стандартам у спорце».

Пры гэтым Віталь Мутко лічыць, што «рашэнне адхіліць расійскіх атлетаў ад удзелу ў Алімпіядзе-2016 з'яўляецца несправядлівым і непрапарцыйным пакараннем».

Ён настойвае на тым, што «атлеты, якія ніколі не спрабавалі атрымаць перавагі несумленным шляхам, з дапамогай допінгу, не павінны быць пакараныя за ўчынкі іншых», і заўважае, што «расійскія атлеты не павінны ператварыцца ў казлоў адпушчэння, калі гаворка ідзе пра глабальную праблему».

Аднак у каментары Sunday Times, які суправаджае гэтую артыкул, адзначаецца, што Мутко ўскладае віну выключна на асобных спартсменаў і трэнераў і адмаўляецца прызнаць, што да аднаго з самых маштабных допінг-скандалаў у гісторыі спорту былі датычныя і расійскія ўлады.

Між тым, піша газета, гэты скандал працягвае набіраць абароты.

Чарговы віток допінгавага скандалу адбыўся днямі, калі з'явілася інтэрв'ю былога кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгора Родчанкава, у якім той заявіў, што падчас Алімпіяды ў Сочы дзясяткі расійскіх спартсменаў, у тым ліку залатыя медалісты, ужывалі допінг.

Крыху раней былы супрацоўнік Расійскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) Віталь Сцяпанаў распавёў у інтэрв'ю амерыканскаму каналу Сі-бі-эс, што допінг-кантролем у Сочы кіравала ФСБ.

У мінулую пятніцу Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) заявіла, што правядзе праверку гэтых заяў, пры гэтым яго кіраўнік Крэйг Рыдзі сказаў, што не валодае інфармацыяй пра ўжыванне допінгу на Алімпійскіх гульнях у Сочы.

Віталь Мутко назваў новыя абвінавачванні былых супрацоўнікаў РУСАДА чарговымі спекуляцыямі.

У суботу ў інтэрв'ю Бі-бі-сі кіраўнік WADA выказаў меркаванне, што «вельмі малаверагодна, што РУСАДА будзе адпавядаць неабходным патрабаванням да пачатку Гульняў у Рыа».

Даклад аб выкананні Расіяй патрабаванняў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва будзе накіраваны ў Міжнародны алімпійскі камітэт, які затым вырашыць, ці змогуць расійскія лёгкаатлеты выступіць 5-21 жніўня на летніх Гульнях, паведаміў Рыдзі.

Даклад будзе таксама накіраваны ў Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый, якая павінна прыняць рашэнне аб зняцці дыскваліфікацыі з расійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

0
а то! / Адказаць
15.05.2016 / 11:36
Яшчэ пазаўчора гэты функцянер, які прымушаў спартсменаў есьці розныя мельдоніі, лямантаваў пасьля публікацыі ў Нью-Йорк таймс, што гэта "наезд" на Расею, хлусьня и г.д. и г.д. А сёньня ўжо выбачаецца за тое, што рабіў сваімі ж рукамі. Як напісалі ў рашцы, відаць, домік прыкупиў у Еўропе, каб бязбедна правесьці астатак дзён на пенсіію ў логаве імпэрыялізму. Вось і пацяклі соплі "раскаяньня". Подласьці пуцінцаў праста няма межаў. І мутны Мутко - таму бездакорны прыклад!
0
Завхоз / Адказаць
15.05.2016 / 11:49
Ждем публичных покаяний за Крым и Восточную Украину. С фактическими действиями.
0
ну і ну! / Адказаць
15.05.2016 / 12:34
а то!, сапраўды, дзе такія гадуюцца? можа інкубатар які там зладзілі, каб выводзіць асобных беспрынцыпных істот.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру