13.05

Уладзімір Някляеў паведаміў, што паўнамоцтвы аргкамітэта кангрэсу перайшлі да яго рады, сфарміраванай з прадстаўнікоў рэгіянальных структур і арганізацый, што ўваходзяць у кангрэс.

Пасля гэтага Мікалай Статкевіч абвясціў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу закрытым.

13.00

Як паведамляе БелаПАН, пасля выступленняў удзельнікі кангрэса распачалі прыняцце рэзалюцый. Першай была ўхваленая рэзалюцыя «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі».

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

У ёй гаворыцца пра тое, што «сучасная беларуская дзяржава прыватызаваная аўтарытарным рэжымам з мэтай панавання над краінай». «Рэальныя дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі ліквідаваныя, выбары ператвораныя ў фарс, улада душыць любыя праявы іншадумства, грамадскага супраціву, накіраванага на ўсталяванне дэмакратыі, законнасці, правоў чалавека», — адзначаецца ў рэзалюцыі.

«Не маючы дастатковых сродкаў на захаванне архаічнай эканамічнай мадэлі, рэжым распрадае нават тыя актывы, якія з'яўляюцца асновай суверэнітэту Беларусі. Прададзеная ўся газатранспартная сістэма, частка вайсковага суверэнітэту, большая частка тэлевізійнай прасторы. Праз крамлёўскія датацыі і прэферэнцыі, якімі падтрымліваецца рэжым, Беларусь трапіла ў небяспечную залежнасць ад Расіі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Крызіс расійскай сыравіннай эканомікі, адзначаецца ў дакуменце, «пацягнуў на дно шчыльна прывязаную да яе нерэфармаваную эканоміку Беларусі: падае вытворчасць, зніжаюцца даходы насельніцтва, расце беспрацоўе, павялічваецца замежная запазычанасць, усё больш беларусаў пакідаюць сваю краіну, якой пагражае страта вядучых галін прамысловасці і сацыяльны крызіс».

На думку ўдзельнікаў кангрэсу, агрэсіўная палітыка расійскага кіраўніцтва ўяўляе небяспеку не толькі палітычнай і эканамічнай, але і нацыянальнай палітыцы беларускага рэжыму: «Каб дагадзіць свайму манапольнаму донару і прадухіліць нацыянальную кансалідацыю грамадства, рэжым паслядоўна знішчаў гістарычную памяць беларусаў, нацыянальную культуру, нашу мову. Паслядоўная і мэтанакіраваная палітыка русіфікацыі стала сур'ёзнай пагрозай суверэнітэту краіны».

«Нягледзячы на відавочную згубнасць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, кіруючы рэжым адмаўляецца ад жыццёва неабходных палітычных і эканамічных рэформаў. Прычына адна: дэмакратычныя рэформы прывядуць да страты аўтарытарнай улады. Таму рэжым спрабуе працягнуць час свайго існавання, забіраючы ўсё, што можна забраць, у народа. Нават у пенсіянераў і беспрацоўных. Пры пануючым рэжыме само існаванне нашай дзяржавы, беларускай нацыі пастаўленае пад пагрозу. Каб пазбегнуць гэтага, нацыя павінна згуртавацца і прымусіць рэжым сысці», — сказана ў рэзалюцыі.

Кангрэс таксама прыняў рэзалюцыю «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў».

У ёй адзначаецца, што ўдзельнікаў кангрэсу хвалююць збядненне людзей, рост цэн, беспрацоўе, карупцыя і свавольства чыноўнікаў, заняпад нацыянальнай культуры, нізкі ўзровень адукацыі ў краіне, пагрозы незалежнасці, міру і спакою ў Беларусі. У сувязі з гэтым платформа пераменаў вызначае асноўныя тэзісы — выратаванне нацыі, эканоміка і дабрабыт, клопат пра людзей, здароўе і экалогія, бяспека дзяржавы, Беларусь у свеце, веды і праўда. У гэтых кірунках кангрэс і мае намер дзейнічаць. Мікалай Статкевіч заявіў, што рэзалюцыя прымаецца за аснову для абмеркавання далейшай працы над ёй.

Удзельнікі кангрэса ўхвалілі пастанову «Аб адзінстве дэмакратычных сіл».

У ёй адзначаецца, што адзінства дэмсіл з`яўляецца абавязковай і ключавой умовай перамогі дэмакратыі ў Беларусі. «Толькі аб`яднаныя і аўтарытэтныя дэмакратычныя сілы здольныя ўзначаліць і накіраваць нарастаючы сацыяльны пратэст дзеля прымусу ўлады да дэмакратызацыі палітычнага і эканамічнага жыцця краіны», — сказана ў дакуменце.

З мэтай кансалідацыі дэмакратычных арганізацый кангрэс пастанавіў:

— лічыць Беларускі нацыянальны кангрэс пастаянна дзейным аб'яднаннем дэмакратычных сіл краіны;

— сфарміраваць шляхам прамога дэлегавання Раду кангрэсу з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і горада Мінска);

— заклікаць да сумеснай працы ўсе дэмакратычныя партыі і арганізацыі, прадугледзець у радзе кангрэсу месцы для іх прадстаўнікоў;

— спрыяць стварэнню ў абласных цэнтрах і буйных гарадах рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сіл з мэтай іх кансалідацыі.

Прынятая таксама рэзалюцыя «Пра пазіцыю кангрэсу адносна выбарчай кампаніі 2016 года».

У ёй адзначаецца, што «кіруючы рэжым добраахвотна не пагодзіцца на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства», а таму кангрэс з разуменнем ставіцца да тых, хто не жадае ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Разам з тым пра ўдзел у палітычнай кампаніі заявіла большасць дэмакратычных партый і арганізацый, якія збіраюцца скласці больш за пяць асобных спісаў кандыдатаў, гаворыцца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі кангрэсу лічаць безадказным, калі ў большасці акруг аднаму кандыдату ад улады будуць супрацьстаяць па некалькі апазіцыйных кандыдатаў, якія «расцягнуць галасы пратэстнай большасці і скрадуць перамогу самі ў сябе нават без фальсіфікацый». Такая сітуацыя можа прывесці «да яшчэ большага зніжэння аўтарытэту дэмакратычных сіл і росту апатыі ў грамадстве».

Каб паменшыць негатыўныя наступствы канкурэнцыі апазіцыйных кандыдатаў паміж сабой, кангрэс вырашыў вызначыць і абвясціць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты па наступных прынцыпах:

— прэтэндэнты павінны пісьмова звярнуцца ў Раду кангрэсу з адпаведнай заявай аб тым, што іх агітацыйная кампанія будзе грунтавацца на прынцыпах дэмакратыі, дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі;

— прэтэндэнты, прапанаваныя рэгіянальнымі кааліцыямі дэмсіл, аўтаматычна ўключаюцца ў адзіны спіс кангрэсу на тую акругу, на якую былі прапанаваныя;

— калі на адну выбарчую акругу прыпадае некалькі прэтэндэнтаў, і ні адзін з іх не атрымаў падтрымкі мясцовай кааліцыі дэмакратычных сіл, то рашэнне па ўключэнні ў спіс аднаго з іх прымае Рада кангрэсу;

— Рада кангрэсу спрыяе кандыдатам з адзінага спісу ў іх вылучэнні, аказвае ім палітычную, інфармацыйную і іншую дапамогу.

У выпадку фальсіфікацыі вынікаў выбараў Рада кангрэсу мае намер арганізаваць мірныя акцыі пратэсту.

12.45

Вячаслаў Сіўчык сфармуляваў галоўную мэту кангрэсу — аб'яднанне апазіцыі. Яго падтрымаў Някляеў — «без спробаў аб'яднацца будзем таптацца на месцы». 

Сіўчык у сваім выступе заявіў, што сённяшняя ўлада «не проста слабая — яна ў маразме, яна не мае ніякіх планаў на будучыню, яна можа толькі закручваць гайкі». Палітычную сітуацыю ў Беларусі Сіўчык ахарактарызаваў так: «Нас усіх прымусілі жыць пры прыгонным праве, але мы не змірыліся з такім жыццём. Скончыцца лукашэнкаўскае прыгоннае права. Мы маем права на дастойнае жыццё».

12.40

Выступіў кіраўнік прафсаюза РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці) Генадзь Фядыніч. «Нас прымусілі сабрацца ў скверы каля помніка нашаму вялікаму паэту. Улада не пачула лепшых прадстаўнікоў свайго народа», — зазначыў ён. Фядыніч раскрытыкаваў сацыяльна-эканамічную палітыку беларускай улады, у тым ліку: рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў тым выглядзе, у якім яно прынятае; працяг выкарыстання кантрактнай сістэмы найму; пераход многіх прамысловых прадпрыемстваў на скарочаны працоўны тыдзень. Ён таксама заявіў пра безыніцыятыўнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў. «Але калі будзе нейкі рух і ініцыятыва ў дырэктара, у яго ёсць два шляхі: або ты развітваешся з працай, ці ты пойдзеш за краты», — сказаў прамоўца. Фядыніч таксама заявіў, што ўлады баяцца праводзіць эканамічныя рэформы з-за страху страціць уплыў на прыватны і дзяржаўны бізнэс. «Сёння нельга назваць палітыку сацыяльна арыентаванай — гэта антынародная палітыка, якая давяла народ да галечы», — заявіў прафсаюзны лідар.

12.35

Дэлегаты прагаласавалі за прапанаваны аргкамітэтам парадак дня.

12.30

Першым слова ўзяў Станіслаў Шушкевіч.

Ён заявіў, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду слова і сходаў. «Мы не змаглі сабрацца ў памяшканні, таму ў знак пратэсту сабраліся тут. Міліцыя ж, замест таго, каб ахоўваць нас, складае пратаколы», — сказаў ён. Сённяшнюю Беларусь Шушкевіч назваў «паліцэйскай дзяржавай», уладу ў якой, паводле яго слоў, дэлегаты кангрэса «хочуць змяніць мірным шляхам». Палітык таксама заявіў, што прысутныя тут патрабуюць змены ўлады канстытуцыйным шляхам, правядзення дэмакратычных выбараў і адстаўкі кіраўніка Цэнтрвыбаркама.

У парку да таго часу сабралося каля 150 чалавек. Падчас рэгістрацыі дэлегатаў міліцыянты настойліва спрабавалі даведацца іх прозвішчы. 

Арганізатары прапанавалі прысутным вывучыць праграмныя дакументы, апублікаваныя ў «Народнай волі».

12.20

Ля помніка Янку Купалу каля сотні чалавек. Сярод прысутных — Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Лявон Баршчэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Фядыніч, Вячаслаў Сіўчык. Міліцыянты выбарачна выцягваюць людзей і складаюць пратаколы. 

Падышлі таксама да Статкевіча, прапанаваўшы пакінуць месца несанкцыянаванага мерапрыемства. Яны папярэдзілі палітыка пра адміністрацыйную адказнасць і пра тое, што ў выпадку непадпарадкавання іх патрабаванням на яго будзе складзены пратакол. Статкевіч не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыі і пагадзіўся на складанне пратакола.

Сёння, 15 мая, ля помніка Янку Купалу ў Мінску а 12-й гадзіне адкрылася ўстаноўчая сесія Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Як заявіў Мікалай Статкевіч, сябрам аргкамітэта кангрэса было адмоўлена ў памяшканні.

Правядзенне кангрэсу дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала 17 снежня мінулага года група грамадскіх дзеячаў.

Відэаанлайн радыё «Свабода» з месца падзей:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?