У ноч з 13 на 14 мая анархісты ў Мінску сапсавалі тры рэкламныя шчыты з міліцэйскай прапагандай, паведамляе сайт revbel.org. Бігборды з рэкламай міліцыі былі запэцканыя фарбай.

Гэтай акцыяй, заяўляюць анархісты, яны хацелі выказаць сваю салідарнасць з усімі пацярпелымі ад дзеянняў праваахоўных органаў падчас «Крытычнай масы», якая прайшла 29 красавіка.

«На двух білбордах было намалявана як супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі трымае ў руках зборнік правілаў дарожнага руху. Верагодна, гэта павінна сімвалізаваць, што ДАІ з'яўляецца гарантам захавання правілаў на дарозе. Але гэта далёка не так. Дастаткова ўспомніць выпадак у Оршы, дзе п'яны супрацоўнік ДАІ (!) збіў дзяўчынку на дарозе. Відавочна, што дадзеная структура, як і ўся міліцыя, служыць цалкам іншым мэтам — не нашаму спакою і парадку на дарогах, а кантролю і нагляду за намі», — гаворыцца ў заяве анархістаў.

Нагадаем, што акцыю «Крытычная маса» ладзяць раварысты, каб даказаць, што ровар з'яўляецца сродкам перамяшчэння па праезнай частцы. Падчас акцыі 29 красавіка міліцыянты жорстка затрымалі групу раварыстаў. Адзін з іх, Дзмітрый Паліенка, затрыманы, на яго пачалі крымінальную справу.

Па словах анархістаў, іх акцыя стала выказваннем салідарнасці з затрыманым Паліенкам, які таксама з'яўляецца анархістам і цяпер знаходзіцца ў Жодзінскай турме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?