Мэр Адэсы Генадзь Труханаў, павіншаваўшы ўкраінскую спявачку Джамалу з перамогай у фінале конкурсу «Еўрабачанне», які прайшоў у суботу ў Стакгольме, выказаў надзею, што наступны песенны турнір прыме яго горад.
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Генадзь Труханаў напісаў: «Упэўнены, у наступным годзе Украіна прыме Еўрабачанне на высокім узроўні. Пляцоўкай, годнай правядзення такога прэстыжнага конкурсу, цалкам можа стаць наша Адэса — шматнацыянальны, прыгожы, еўрапейскі горад з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі! Спадзяюся, так яно і будзе! «
Украінскія СМІ, каментуючы гэтую прапанову мэра, пішуць, што ў Адэсе ёсць некалькі закрытых канцэртных пляцовак сусветнага ўзроўню — Оперны тэатр ці тэатр музкамедыі, — а таксама пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў на адкрытым паветры — Пацёмкінская лесвіца.
Пра пачатак падрыхтоўкі да правядзення конкурсу «Еўрабачанне» літаральна на наступны дзень пасля перамогі Джамалы заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.