Дзясяты дзень чэмпіянату свету па хакеі ў Расіі пачаўся з двух сенсацыйных вынікаў.
IIHF
Зборная Германіі перамагла каманду ЗША з лікам 3:2. Тры разы па ходзе сустрэчы немцы выходзілі наперад, але толькі апошні іх гол не атрымаў адказу ад амерыканскай каманды.
Спачатку за выніковым кідком Патрыка Хагера быў адказ ад Джэйка Макейба. Затым на гол Крысціяна Эрхафа ЗША адказалі шайбай Остана Мэцьюза. А вось гол Карбініана Хольцара за 33 секунды да канца матчу стаў пераможным.
Такім чынам, зборная Германіі практычна гарантавала сабе выхад у чвэрцьфінал чэмпіянату свету. А вось амерыканцы ў выпадку паразы ў асноўны час ад славакаў застануцца за бортам плэй-оф.
Фінляндыя сёння разграміла Славакію — 5:0.
Фінляндыя — 18 (6 гульняў), Канада — 15 (5), Германія — 10 (6), ЗША — 9 (6), Славакія — 6 (6), Францыя — 5 (5), Венгрыя — 3 (6), Беларусь — 3 (6).
У панядзелак гуляюць: Канада — Францыя, Германія — Венгрыя.
***
У другой групе датчане сенсацыйна выйгралі ў чэхаў. Пры гэтым пасля двух перыядаў падапечныя Уладзіміра Вуйтэка былі наперадзе дзякуючы шайбе Томаша Плеканеца. На 44-й хвіліне Мортэн Мадсэн зраўняў лік. Авертайм пераможцу не выявіў, а ў серыі булітаў мацнейшымі аказаліся датчане.
Такім чынам, менавіта датчане становяцца галоўным прэтэндэнтам на чацвёртае месца ў групе А.