Камітэт па замежных справах Вярхоўнай рады Украіны звярнуўся да Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і генеральнага сакратара Савета Еўропы з нагоды забароны Беларуссю ўезду на яе тэрыторыю ўкраінскім дэпутатам, паведамляе прэс-служба дэпутата ВР Ігара Гузя.
У лісце адзначаецца, што Беларусь уводзіць практыку абмежавання ўезду народным дэпутатам, якія з'яўляюцца членамі ПАСЕ, у прыватнасці намесніку кіраўніка камітэта па замежных справах Ігару Гузю і першаму намесніку старшыні Вярхоўнай рады Ірыне Герашчанцы.
Дэпутаты лічаць, што гэтае рашэнне не адпавядае дэмакратычным традыцыям, улічваючы тое, што Беларусь пачынае аднаўляць адносіны з ПАСЕ.
Гузю адмовілі ва ўездзе ў Беларусь 25 красавіка. Памежнікі паведамілі аб забароне ўезду на падставе прадстаўлення з такім патрабаваннем з боку адпаведных органаў Расійскай Федэрацыі. Планавалася, што 26 красавіка Гузь возьме ўдзел у прэс-канферэнцыі з палітыкамі Паўлам Севярынцам і Мікалаем Статкевічам на тэму «Беларусь і Украіна перад пагрозай страты незалежнасці». Таксама дэпутат збіраўся прыйсці на акцыю «Чарнобыльскі шлях» і наведаць сваякоў беларусаў, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.
26 красавіка Ірыну Герашчанку, якая з'яўляецца ўдзельніцай мінскіх перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, пратрымалі некалькі гадзін на беларускай мяжы: высветлілася, што яна была неўязная ў Беларусь, бо «ўключаная ў спіс асобаў, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы па ініцыятыве кампетэнтных органаў Расійскай Федэрацыі». Затым ёй быў дазволены ўезд у краіну да 25 мая.