Урад Крыма рэкамендуе спявачцы Джамале змяніць грамадзянства з украінскага на расійскае і вярнуцца ў Крым.

Пра гэта ў Пекіне заявіў віцэ-прэм'ер расійскай адміністрацыі Крыма Георгій Мурадаў, перадае ТАСС.

«Я падкрэсліваю, што Крым заўсёды будзе рады выступленню Джамалы, гэта яе радзіма», — сказаў ён.

Таму, працягнуў ён, «ёй засталося правесці невялікія мерапрыемствы, звязаныя са зменай грамадзянства, прыехаць на Радзіму і выступаць у сябе».

«Тэмы дэпартацыі зацягнуліся і павінны быць скончаныя, трэба вяртацца. Мы ёй заўсёды рады, віншуем і думаем, што сярод атрыманых ёю расійскіх галасоў шмат людзей з ліку крымскіх татараў, якія ў нас у Крыме пражываюць», — дадаў Мурадаў.

Сусанна Джамаладзінава, якая выступала пад псеўданімам Джамала, нарадзілася 27 жніўня 1983 года ў горадзе Ош (Кіргізская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, СССР).

Бацька — Алім Джамаладзінаў, крымскі татарын, а яе маці — Галіна Тумасава, армянка, род якой паходзіць з Нагорнага Карабаха.

Дзяцінства Сусанны прайшло ў Крыме, у сяле Маларэчанскае пад Алуштай, куды сям'я вярнулася ў 1989 годзе.

Джамала з песняй «1944», прысвечанай дэпартацыі крымскіх татараў, стала пераможцай 61-га песеннага конкурсу «Еўрабачанне», які прайшоў у сталіцы Швецыі на канцэртна-спартыўнай арэне Globen.

У Крыме пасля акупацыі прарасійская ўлада ўшчамляе крымскіх татараў: канал ATR быў вымушаны пераехаць у Кіеў, 18 крымскіх татараў былі кінутыя за краты. Акрамя таго, прарасійская ўлада забараніла шматлікім крымчанам уезд на паўвостраў, у прыватнасці Мустафе Джамілеву, Рафату Чубараву, Сінаверу Кадыраву і Ісмету Юксэлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?