Жаўнеры Бундэсвера атрымалі галоўны прыз спаборніцтваў Strong Europe Tank Challenge (SETC), якія прайшлі на мінулым тыдні.
Італьянскі ўдзельнік SETC — танк C1 Ariete. Фота stripes.com
Аналагічны міжнародны чэмпіянат НАТA праводзіўся ў часы Халоднай вайны, аднак пасля яе заканчэння сышоў у нябыт з-за неактуальнасці сілавога супрацьстаяння ў Еўропе. Цяпер, як мы бачым, сітуацыя змянілася.
У SETC 2016 года ўдзельнічалі танкі Даніі, Германіі, Польшчы, США, Славеніі і Італіі.
Дацкія танкісты заваявалі срэбра, польскія — бронзу. Цікава, што ўсе пераможцы выкарыстоўвалі розныя мадыфікацыі нямецкіх танкаў Leopard 2.
Пераможцы — адзін з нямецкіх танкаў Leopard 2А6. Фота army.mil
Мерапрыемства часткова мае за мэту падвышэнне ўзроўню баявой падрыхтоўкі і духа спаборніцтва, а часткова з'яўляецца сродкам стрымлівання, бо дапамагае адрадзіць «старыя навыкі, забытыя з часоў Халоднай вайны», піша афіцыйная газета Пентагона stripes.com.
Акрамя трапнай стральбы з месца і падчас руху, танкісты змагаліся за першынства ў аказанні першай дапамогі, руху ў складаных умовах, хуткім рамонце і замене гусеніц, маскіроўцы, стральбе з асабістай зброі, паведамляе амерыканскі ваенны партал army.mil.