Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка надаў спявачцы Джамале, якая перамагла на Еўрабачанні-2016, званне народнай артысткі Украіны.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Святаслаў Цаголка.

Акрамя таго, прэзідэнт даручыў Міністэрству замежных спраў падняць пытанне аб наданні Сусанне Джамаладзінавай (Джамале) ганаровага звання Пасла добрай волі ЮНІСЕФ.

«Гэта фантастычная перамога. Ты зрабіла шчаслівымі велізарную колькасць людзей», — сказаў Парашэнка, уручаючы артыстцы ганаровую ўзнагароду падчас сустрэчы.

Ён адзначыў, што яе перамога ў цяперашні час мае надзвычайнае значэнне як для ўкраінскага народа ў цэлым, так і для крымскіх татараў у прыватнасці. Бо цяпер пра трагічную гісторыю крымскататарскага народа 72-гадовай даўніны і анексію Крыма сёння, пра падзеі ва Украіне ведаюць і гавораць не толькі дыпламаты, але і звычайныя людзі.

Паводле пераканання Парашэнкі, усё гэта будзе спрыяць больш хуткаму вяртанню ўкраінскага суверэнітэту на паўвостраў.

«Магу сказаць, што ты зрабіла вялікі ўклад у тое, каб цяпер пытанне Крыма было зноў на першых старонках», — падкрэсліў Парашэнка, звяртаючыся да спявачкі.

Прэзідэнт таксама паведаміў, што разам з жонкай і сям'ёй глядзеў трансляцыю фіналу і заўзеў за Джамалу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?