Аляксандр Лукашэнка 8 мая азнаёміўся з праектамі забудовы беларускай сталіцы, паведамілі БЕЛТА.

У прыватнасці, увазе прэзідэнта былі прадстаўлены праектныя прапановы адкрытага міжнароднага конкурсу на найлепшую архітэктурную канцэнцыю забудовы тэрыторыі, якая прылягае да будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На конкурс было пададзена 13 праектаў, у распрацоўцы якіх прынялі ўдзел 12 арганізацый як беларускіх, так і буйных міжнародных праектных структур з Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Славакіі, ЗША. Яго вынікі будуць падведзены праз тыдзень-два.

Плошча тэрыторыі, прапанаванай для забудовы, складае 34 га. Абавязковая ўмова конкурсу - стварэнне сучаснага горадабудаўнічага ансамбля ў кампазіцыйнай увязцы з комплексам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, паркавай зонай і праспектам Незалежнасці. Пры гэтым арганізатар конкурсу, Мінгарвыканкам, не абмяжоўваў удзельнікаў канкрэтнымі ўмовамі і параметрамі, што дало магчымасць ім больш свабодна перадаць сваё бачанне па забудове гэтай тэрыторыі.

Усе прапанаваныя праекты прадугледжваюць размяшчэнне тут вышынных будынкаў, аб'ектаў гандлю, адміністрацыйна-дзелавых будынкаў, жылых дамоў, культурна-забаўляльных і спартыўных збудаванняў. Вялікая ўвага ўдзяляецца таксама стварэнню зялёных зон.

Так, беларускія праекціроўшчыкі прапанавалі стварыць у гэтым раёне Мінска асветны і забаўляльны комплекс "Каўчэг сусветных культур", асновай якога будзе клімат-парк з прыроднымі ландшафтамі ўсяго свету, а таксама будуць пабудаваны кварталы ў архітэктурных стылях розных краін.

Асноўнай ідэяй франка-славацкага праекта з'яўляецца стварэнне пешаходных вуліц і водных каналаў, па якіх можна перамяшчацца на шлюпках, лодках і гандолах.

Канцэпцыя яшчэ аднаго беларускага праекта прадугледжвае будаўніцтва комлексу ў вобразе белай лілеі, у цэнтры яго размесціцца гасцінічны комплекс.

Архітэктары з Вялікабрытаніі прадстаўляюць аблічча гэтага раёна як "Усходняга маяка Мінска", сутнасць яго заключаецца ў стварэнні трох буйных горадабудаўнічых ансамблей, якія праменямі ідуць ад Нацыянальнай бібліятэкі, паміж імі размесцяцца паркі.

Аляксандр Лукашэнка ў размове са сталічнымі ўладамі звярнуў увагу на неабходнасць вырашэння праблемы з недахватам даступных аўтастаянак у Мінску. Прычым зрабіць гэта трэба, паводле яго слоў, у сціслыя тэрміны.

Прэзідэнту быў таксама прадстаўлены праект будаўніцтва новага музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка адобрыў задуму архітэктараў.

Плануецца, што новы будынак размесціцца на праспекце Пераможцаў побач з паркам Перамогі. Гэта будзе будынак, большы па плошчы, чым існуючы музей. Будаўніцтва новага музея павінна заняць не больш як два гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?