Белтэлерадыёкампанія аб'явіла аб пачатку нацыянальнага адборачнага тура на дзіцячае «Еўрабачанне-2016», паведамілі ў прэс-службе медыяхолдынга.

Прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016», які пройдзе 20 лістапада на Мальце ў горадзе Валета, адкрыты. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім вяшчальным саюзам.

Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Белтэлерадыёкампанія.

Сёлета ЕВС унёс некаторыя змены ў правілы дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне». Адпаведна новаўвядзенні ляглі і ў аснову палажэння аб нацыянальным адборачным туры.

Удзел у адборы могуць узяць юныя выканаўцы, якім на дату правядзення міжнароднага конкурсу (20 лістапада) павінна быць не менш за 9 і не больш за 14 гадоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, альбо замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі не менш за два з паловай гады.

Песня (музыка і (або) тэкст), аранжыроўка песні могуць быць створаныя як самім удзельнікам, так і іншымі асобамі. Як растлумачылі ў прэс-службе, раней дзіця абавязана было быць аўтарам альбо сааўтарам слоў ці музыкі, цяпер яно проста павінна браць удзел у стварэнні песні, паколькі і ў папярэднія гады ў правілах паказвалася, што «пры стварэнні тэксту, музыкі, аранжыроўкі песні дапускаецца аказанне дапамогі прафесіяналамі ў галіне музыкі і іншымі асобамі».

У адборы можа ўдзельнічаць песня, якая складаецца з вершаў на беларускай і/або рускай мове з выкарыстаннем замежнай мовы (але не больш за 25% аб'ёму тэксту) і музыкі, якія не былі камерцыйна рэалізаваныя, а таксама выкананыя публічна да 1 мая 2016 года.

Удзельнік адбору або законны прадстаўнік канкурсанта, якi не дасягнуў узросту 14 гадоў, павінен быць адзіным праваўладальнікам песні, альбо мець сумеснае права валодання песняй, калі ў адборы бярэ ўдзел калектыў выканаўцаў.

Для ўдзелу ў адборачным туры заяўку трэба каштоўнай бандэроллю накіраваць на адрас: 220807, г.Мінск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай «На дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2016». Апошні дзень адпраўкі бандэроляў з заяўкамі — 17 чэрвеня 2016 года.

Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне» размешчана на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі ў раздзеле «Праекты».

Па выніках адборачнага тура, якія будуць падведзеныя не пазней за 1 ліпеня, прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале. Фінальны гала-канцэрт плануецца правесці не пазней за 16 верасня. Пераможца нацыянальнага адборачнага тура, які прадставіць Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні-2016», вызначаецца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару — Белтэлерадыёкампаніі. Эксклюзіўным вяшчальнікам як нацыянальнага адборачнага тура, так і міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016» традыцыйна выступіць тэлеканал «Беларусь 1».

Беларусь удзельнічае ў міжнародным дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне» з моманту яго заснавання — з 2003 года. Першай беларускай удзельніцай музычнага форуму стала Вольга Сацюк. На рахунку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй «Мы разам», у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй «З сябрамі». Летась Руслан Асланаў з песняй «Чараўніцтва» заняў чацвёртае месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?