У Беларусі пашыраны спіс камунальных паслуг, за якія не спаганяецца плата пры працяглай (больш за 10 дзён) адсутнасці грамадзяніна па месцы жыхарства. Гэтыя змены ва ўказ прэзідэнта № 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг» унесены пастановай Савета міністраў № 334 ад 25 красавіка, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Да унесеных змяненняў плата не бралася за вываз цвёрдых камунальных адходаў, халоднае і гарачае водазабеспячэнне, каналізацыю і газазабеспячэнне. Цяпер таксама не прыйдзецца плаціць за электразабеспячэнне ліфта.

Грамадзяне могуць быць вызваленыя ад аплаты названых радкоў у жыроўцы, калі даўжэй чым на 10 дзён адпраўляюцца: за мяжу, на аздараўленне, лячэнне, праходжанне ваеннай службы (у тым ліку на службу ў рэзерве або спецыяльныя зборы), выязджаюць у сельскія населеныя пункты (у тым ліку на лецішчы), на вучобу, у камандзіроўку, на працу па працоўным дагаворы ў арганізацыі, размешчаныя ў чарнобыльскіх раёнах.

Акрамя таго, вызваляюцца ад аплаты названых камунальных паслуг тыя, хто выязджае на працу ў якасці бацькоў-выхавацеляў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, а таксама асобы, якія накіроўваюцца ў іншыя населеныя пункты для догляду за інвалідам I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту і патрабуе пастаяннага догляду.

Для вызвалення ад аплаты неабходна папярэдне паведаміць аб сваёй адсутнасці камунальным службам, а па вяртанні (не пазней чым праз тыдзень пасля прыезду) прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць выезд.

Да такіх дакументаў адносяцца: праязныя білеты, адзнакі ў пашпарце аб перасячэнні мяжы або дакумент з адзнакай аб рэгістрацыі па месцы жыхарства за мяжой; даведка аб праходжанні лячэння або аздараўлення з медустановы; пры летнім выездзе на дачныя ўчасткі — даведка з сельсавета, пасялковага выканкама ці садаводчага кааператыва.

Пастанова Саўміна набыла моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?