Апошні вэтэран вайны ў маёй вёсцы памёр тры гады таму. Піша Зьміцер Панкавец.

Апошні вэтэран вайны ў маёй вёсцы памёр тры гады таму. Акурат перад 9 траўня. Быў Вялікдзень, пасьля Радуніца, і вэтэран сышоў у запой. З тыдзень, а мо і болей, піў штодня. Пасьля апомніліся, што дні тры яго ніхто ня бачыў. Пачалі шукаць, знайшлі ва ўласным двары пад нейкім хлявом, з прабітай галавой. Цяжка сказаць адназначна, ці ён сам стукнуўся п’яным аб вугал, ці стаў ахвярай якога-небудзь сабутыльніка. Знаю толькі дакладна, што нікога ў турму ўрэшце не пасадзілі. Вэтэран той быў маім суседам, у вёсцы яго называлі «донам Пэдра». Крэпкі быў дзед, яшчэ ў 80 гадоў бегаў за жанчынамі. Таму і такія лацінаамэрыканскія асацыяцыі. Што праўда, злыя языкі і пра яго казалі, што ўсю вайну праседзеў у тыле, а ўжо пасьля яго пачалі ўзнагароджваць рознымі мэдалямі і ордэнамі, але гэта ўжо не мая справа. Так ці інакш, але менавіта тады вёска пачула апошнія выбухі ў гонар вэтэрана той вайны.

Меркаваць, што з сьмерцю дзеда вайна перастала даваць у вёсцы знакі аб сабе няправільна. Мінулай вясной, пераворваючы калгаснае поле, трактарыст выкапаў снарад часоў другой сусьветнай. Выклікалі сапёраў.

Памятаю, як мы малыя, рылі сабе зямлянкі на «бункеры». Кажуць, што там падчас вайны знаходзіліся ці то нашы, ці то немцы. Помню, як шмат гільзаў, кулямётных стужак мы знаходзілі, радуючыся такім знаходкам. Аднойчы мне нават пашанцавала адкапаць сапраўдную нямецкую фінку. Ізноў жа радасьць зашкальвала. Сёньня я дзіву даюся, што мы так і ня выкапалі нічога больш небясьпечнага за тыя гільзы. Пашанцавала, ці як?

Гады чатыры таму ішоў на гарод, трэ было абагнаць бульбу. Ноччу прайшоў дожджык. Іду, бачу на пяску нешта блішчыць. Спачатку прайшоў, ня стаў падымаць зь зямлі, бо падумаў, што звычайны піўны корак, але ўрэшце разьвярнуўся. Падняў – пяць нямецкі пфэнігаў 1942 году. Са свастыкай, усё як сьлед. Паклаў у кішэню.

Дома гэтую манэтку паклаў побач з прабабчыным аўсвайсам. Яна, дарэчы, часта ўзгадвала, як немцы з малымі на вясковым выгане любілі гуляць у футбол. Таксама расказвала, што разам з акупантамі быў адзін немец з Паволжа, Альбэрт, дык ён задарма лячыў усіх вяскоўцаў. Кажуць, што некаму з маіх сваякоў вылечыў каросту. Другая бабуля, калі ўзгадвала пра вайну заўсёды плакала, яе ганялі на працу на балоты. Што яны там рабілі я ня ведаю, яна ніколі не казала.

У вайну мой дзед па бацькавай лініі быў палоне, у Чэхіі. Працаваў на нейкага бюргера. Расказваў, што нармальны быў мужык, півам частаваў, ня зьдзекаваўся. Былі звычайныя чалавечыя адносіны. Праз тое, што дзед быў у палоне менавіта ў Чэхіі, маркі ён не атрымліваў. Прадзед жа па кудзелі быў паліцаем. Зрэшты, якім паліцаем! Немцы прыйшлі ў вёску, большасьць мужыкоў пасьпела схавацца ў лес, прадзед не пасьпеў. Прызначылі старастам у вёсцы, так і прабыў ім да канца вайны. Прынамсі, так расказваюць у сямейных гісторыях. А як там было насамрэч я, натуральна, ня ведаю. Нават ня ведаю, што зь ім было потым, бо ні маці, ні баба не любілі і ня любяць пра гэта казаць. Маўчаць.

Для мяне вайна не застаецца скончанай, пакуль у падручніках гісторыі ня знойдзецца месца ня толькі для савецкіх вэтэранаў, але і для так званых калябарантаў. Што б ні казалі, але і тыя, і тыя змагаліся за нашу Бацькаўшчыну. Дарма, што па розныя бакі. Не застаецца сумневаў, што вайна была больш шматграннай і стракатай, чым цяпер прынята пісаць. Не было выключна белага ці чорнага, заўсёды было мноства іншых колераў і адценьняў. На вайне тым больш.

Што б хто ні казаў, але насамрэч быў зьдзейсьнены подзьвіг перамогі над нацызмам. Са сьвятам, дарагія вэтэраны!

Зьміцер Панкавец

Фота Андрэя Лянкевіча