Брытанская вяшчальная карпарацыя абвясціла аб закрыцці некалькіх сваіх інтэрнэт-сайтаў і будучай рэформе навінавага вяшчання ў рамках плана па эканоміі 15 мільёнаў фунтаў.

Сярод праектаў, якія закрываюцца — такія папулярныя ў Брытаніі сайты, як BBC FoodBBC Travel і Newsbeat, а таксама News Magazine.

Тым не менш, як паабяцала кіраўніцтва карпарацыі, Бі-бі-сі не адмовіцца ад падрыхтоўкі буйных матэрыялаў, аглядаў і нарысаў, якія цяпер будуць публікавацца на навінавых сайтах.

Закрываюцца і 40 рэгіянальных сайтаў Бі-бі-сі, якія пісалі ў асноўным пра мясцовыя навіны.

Таксама ў якасці аднаго з варыянтаў разглядаецца план зліцця 24-гадзіннага навінавага тэлеканала (News 24), які вяшчае на Вялікабрытанію, з падобным на яго навінавым каналам BBC World, прызначаным для замежнай аўдыторыі.

Усе гэтыя планы былі абвешчаныя ў аўторак кіраўніком навінавага падраздзялення Бі-бі-сі Джэймсам Хардынгам.

Па словах Хардынга, Бі-бі-сі павінна ўнесці змены ў сваю працу, але пры гэтым не павінна змяняцца яе галоўнае прызначэнне.

«Бі-бі-сі таксама павінна ясна сказаць пра тое, чаго яна не будзе рабіць у інтэрнэце. Яна не можа рабіць усё для ўсіх», — сказаў Джэймс Хардынг.

Дакумент, апублікаваны ў аўторак, ставіць агульную задачу шляхам рэструктурызацыі вяшчання і структуры інтэрнэт-сайтаў зэканоміць 15 млн фунтаў, гэта прыкладна 15% рэдакцыйнага бюджэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?