Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска затрымалі мінчука 1992 года нараджэння, які падазраецца ў выманьванні $10 тысяч у закаханай у яго дзяўчыны. Пра гэта паведаміла прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС сталіцы Наталля Аскірка.

Фігурант і пацярпелая пазнаёміліся на карпаратыве ў транспартнай кампаніі, дзе разам працавалі. У іх завязаліся працяглыя рамантычныя адносіны, якія дзяўчына лічыла сур'ёзнымі. Яна шчыра кахала маладога чалавека і гатовая была ўсяляк падтрымліваць яго, у тым ліку і фінансава. Аднойчы хлопец папрасіў у пацярпелай $4 тысячы нібыта для таго, каб пагасіць судзімасць. Іншым разам ён пазычыў у дзяўчыны грошы на лячэнне ад наркаманіі. Падазраваны звяртаўся па фінансавую дапамогу да пацярпелай і пасля выдуманай сваркі з бацькам і маці, якія нібыта выгналі яго з хаты, а потым прасіў грошы на пахаванне бацькоў, якія на самай справе былі жывыя і здаровыя. У агульнай колькасці дзяўчына перадала фігуранту $10 тысяч, а неўзабаве зразумела, што малады чалавек не мае да яе ніякіх цёплых пачуццяў.

Паралельна ён шмат браў у доўг у сваіх калег і афармляў на іх імя крэдыты на мабільныя тэлефоны і бытавую тэхніку. У цяперашні час у міліцыю звярнуліся трое падманутых грамадзян.

У дачыненні да мінчука распачатая крымінальная справа па ч.4 арт.209 КК (махлярства). Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 10 гадоў. Раней фігурант ужо быў судзімы за захоўванне псіхатропных рэчываў і махлярства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?