Хакейная зборная Беларусі, якая заняла на чэмпіянаце свету ў Расіі 12-е месца сярод 16 каманд, 18 мая вярнулася дадому. У мінскім аэрапорце яе сустракалі ўсяго некалькі заўзятараў.

«Я яшчэ не аналізаваў турнір, таму не буду рабіць пакуль нейкія высновы, — заявіў журналістам галоўны трэнер Дэйв Льюіс. — Патрэбна больш падрабязная інфармацыя, статыстыка, відэа. Я хачу прааналізаваць усё: ад першага этапу падрыхтоўкі да заключнага матча на чэмпіянаце свету».

«Калі каманда гуляе няўдала, у кожнага свая прычына. Мне трэба разабрацца ў дэталях, што і чаму. Гэта мая праца», — сказаў трэнер.

На пытанне аб працягу супрацоўніцтва са зборнай Льюіс мае намер адказаць 20 мая на прэс-канферэнцыі.

Брамнік Кевін Лаланд назваў вынік на ЧС «засмучальным». «Мы гульцы і павінны ўзяць на сябе адказнасць за тое, што адбылося. Мы павінны застацца разам, зрабіць высновы і больш не паўтарыць такіх памылак … Часам мы былі няўдачлівымі, каманды былі гатовыя да нас, паважалі нас і настройваліся на нас. Ты не можаш вызначацца кожны вечар. Асабіста я, напрыклад, трохі страціў упэўненасць у сабе. Цяпер трэба «перагрупавацца» і глядзець наперад», — заявіў галкіпер.

«Нам паказалі, над чым працаваць і на якім узроўні мы цяпер знаходзімся, — адзначыў нападаючы Андрэй Стась. — У камандзе павінна быць дысцыпліна, таму што выдаленні моцна ўплываюць на вынік матча».

«Асабістае выступленне трохі падсаладзіла выступленне. Горды за гульню ў апошнім матчы. Згулялі менавіта як каманда і не пакінулі французам ніякіх шанцаў», — адзначыў хакеіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?