Пашыраны пералік работ па рамонце пад'ездаў, якія выконваюцца за сродкі жыхароў, паведамілі ў ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». Цяпер за непрыстойныя надпісы ў ліфце будуць плаціць жыхары.

Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Паводле інструкцыі аб парадку планавання, правядзення і фінансавання бягучага рамонту жыллёвага фонду, зацверджанай пастановай Міністэрства ЖКГ РБ ад 30 сакавіка 2016 года № 5, названы пералік дапоўнены новым, 10-м пунктам: «Афарбоўка дзвярэй шахты і кабіны ліфта, купэ кабіны ліфта».

Як патлумачыла намеснік начальніка вытворчага аддзела МГЖГ Таццяна Змачынская, гэтыя работы будуць праводзіцца па меры неабходнасці з улікам тэхнічнага і эстэтычнага стану канструктыўных элементаў ліфта.

Напрыклад, пры выяўленні надпісаў і малюнкаў, іншых праяў вандалізму. У такіх выпадках работнікі ЖЭУ складаюць дэфектны акт з указаннем відаў і аб'ёмаў работ, каштарыс зыходзячы з фактычных выдаткаў. Агульная сума размяркоўваецца паміж уласнікамі і наймальнікамі кватэр і ўключаецца ў жыроўку для наступнай аплаты.

Сход ці пакватэрнае апытанне праводзяцца тады, калі жыхары самі ініцыююць правядзенне рамонту пад'езда, у тым ліку ліфта. Каб прыступіць да яго, неабходная згода большасці гаспадароў кватэр, пры гэтым сумы да аплаты выставяць усім.

У асноўным рашэнне пра абнаўленне месцаў агульнага карыстання прымаецца па выніках вясновых і восеньскіх аглядаў жыллёвага фонду ў планавым парадку незалежна ад пазіцыі жыхароў, адзначылі ў МГЖГ.

У названай інструкцыі пазначаныя крытэрыі, па якіх вызначаецца неабходнасць правядзення рамонту. Гэта, у прыватнасці, наяўнасць дэфектаў аздобнага пакрыцця (сколы, выбоіны, расколіны, адслаення фарбы і абліцоўкі, тынкавага пласта, надпісы і малюнкі непрыстойнага характару) і элементаў інжынерных сістэм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?