Адукацыйныя праекты «Беларускі калегіюм» і «Лятучы ўніверсітэт» выпусцілі анталогію беларускай філасофскай думкі «Код прысутнасці» за 2000—2015 гады. Прэзентацыя кнігі адбылася ўвечары 18 мая ў сталічнай галерэі «Ў».

Першая кніга такога роду з'явілася ў 2003 годзе пад назвай «Анталогія сучаснага беларускага мыслення» пад рэдакцыяй філосафаў Алеся Анціпенкі і Валянціна Акудовіча.

Як адзначыў на прэзентацыі культуролаг і крытык Максім Жбанкоў, калі стваралася першая анталогія, ставілася пытанне, «ці можна казаць пра нейкую асаблівую беларускую інтэлектуальную супольнасць, ці ёсць у прынцыпе самастойныя фарматы беларускага мыслення». «Цяпер жа, у другой анталогіі, стаяць пытанні аб кодах выражэння, стратэгіі мыслення, канфліктах, канцэптуальных і ідэалагічных разыходжаннях паміж імі. Словам, пра тое, што з большага пазначае нармальную сітуацыю інтэлектуальнага працэсу», — сказаў Жбанкоў.

Складальнікі «Кода прысутнасці» паспрабавалі «перадаць сэнс калі не эпохі, то, па меншай меры, пятнаццацігадовага перыяду, які прайшоў», адзначыла кіраўнік адукацыйнага праекта «Лятучы ўніверсітэт» Таццяна Вадалажская. Паводле яе слоў, тэксты, якія ўвайшлі ў другую анталогію, раскрываюць некалькі асаблівасцяў беларускай філасофскай думкі пачатку тысячагоддзя.

«Пачатак 2000-х — гэта перыяд палемікаў, — сказала яна. — Першыя тэксты ў кнізе — гэта маніфесты, індывідуальныя пазіцыі, яны палемічныя і дыскусійныя. Яны шмат у чым пераклікаюцца і адсылаюць адзін да аднаго. Акрамя таго, Беларусь у гэты перыяд становіцца пунктам адліку, кантэкстам для разважання больш шырокага кола мысляроў, таму ў кнізе шмат тэкстаў прафесійных філосафаў, якія звяртаюцца да Беларусі, адштурхваюцца ад яе, шукаюць яе… Беларускае філасофскае мысленне ў гэты час працягвае ствараць уласны сусвет і светаўспрыманне».

У кнігу ўвайшло больш за дваццаць тэкстаў беларускіх філосафаў, сацыёлагаў, культуролагаў, палітолагаў, літаратараў, крытыкаў, лінгвістаў, фалькларыстаў. Аўтары асэнсоўваюць працэсы, якія адбываліся ў культурным і палітычным жыцці краіны на працягу першых 15 гадоў новага тысячагоддзя, разважаюць аб развіцці грамадства і індывіда, нацыі і ідэі, раздумваюць пра лёс рэгіёну ў геапалітычным кантэксце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?