У аўтарытарным грамадзтве ўсё, што ні зрабіў бы дыктатар, у тым ліку ў сваім асабістым жыцьці, выклікае толькі адну рэакцыю — ўсенароднае захапленьне. Піша Віталь Тарас.

У Аляксандра Дзюма‑пэра ёсьць раман «Жалезная маска». Многія калі не чыталі яго, дык памятаюць экранізацыю з Жанам Марэ ў галоўнай ролі. Фабула раману пабудаваная на легендзе пра невядомага вязьня Бастыліі, якога закулі ў маску і ўсё жыцьцё хавалі ад чужых вачэй.

Паводле адной з вэрсіяў, гэта быў незаконны сын караля Францыі Люі ХІV гэрцаг Вэрмандуа, які даў поўху свайму зводнаму брату, Вялікаму Дафіну. За гэта яго і схавалі ў аддаленым замку. У рамане Дзюма вязьня вызваляе бліскучы Д’Артаньян. Дарэчы, у Францыі ХІХ стагодзьдзя тэма «бастардаў» (народжаных незаконна — «байструкоў», кажучы па‑беларуску) была даволі актуальнай.

Дастаткова сказаць, што Аляксандар Дзюма‑сын нарадзіўся ад дзяўчыны лёгкіх паводзінаў. Але ягоны бацька «ўзаконіў» свайго сына і ўвёў яго ў вышэйшы сьвет Парыжу. Хоць для многіх ён працягваў заставацца свайго роду «жалезнай маскай», чужым.

На Ўсходзе, асабліва мусульманскім, дзе практыкуецца шматжэнства, праблема бастардаў, як правіла, не стаіць. Дэспат‑гаспадар сам вырашае, каго «прызначыць любімай жонкай» і якога з сыноў наблізіць, а якога адправіць у апалу. Садам Хусэйн, як вядома, па чарзе выказваў спрыяньне то аднаму з старэйшых сыноў, Удэю, то іншаму, Кусэю. (Праўда, у выніку гэта прывяло абодвух да сьмерці.)

Трэцяя жонка Мао Цзэдуна падчас «вялікага паходу» часта нараджала ад мужа дзяцей (калі цяжарнасьць не спынялася датэрмінова), і ўсе яны паміралі празь нястачу і антысанітарыю. Мао было на гэта пляваць. Ягоны старэйшы сын быў амаль што дэбілам. Але праблема спадчыннасьці ўлады яго мала хвалявала.

Сталін ня толькі распараджаўся жыцьцямі мільёнаў людзей, але часам вырашаў, каму чыёй жонкай быць. Калі ў 1937‑м быў расстраляны Віталь Прымакоў (падзельнік Тухачэўскага й Якіра), Сталіну падалі сьпіс сваякоў расстралянага. Іх таксама належала пакараць як «чсир» — чальцоў сям’і здраднікаў радзімы. Жонкай Прымакова была Ліля Брык, якую згадаў у сваёй перадсьмяротнай запісцы Маякоўскі. (Ён застрэліўся ў 1930‑м.) Сталін наклаў рэзалюцыю — «ня будзем чапаць жонку Маякоўскага», хаця цудоўна ведаў, што Брык ягонай жонкай не была. Але ж Сталін асабіста прызначыў нябожчыка «найлепшым, найталенавіцейшым паэтам савецкай эпохі». Раней генсек пагражаў Крупскай, што калі яна будзе выступаць супраць яго, дык партыя абвесьціць жонкай Леніна не яе, а, скажам, старую бальшавічку Стасаву.

Пра трагічны лёс жонкі Сталіна Надзеі Алілуевай, а таксама яго сыноў, адзін зь якіх загінуў пры загадкавых абставінах падчас вайны, а другі сьпіўся, пазбаўлены пры Хрушчове ўсіх сваіх ранейшых пасадаў і ўзнагарод, добра вядома. Вядома, што і асабістае жыцьцё дачкі Сталіна Сьвятланы, мякка кажучы, ня склалася.

Можна было б зрабіць выснову, што ўсе дзеці дыктатараў па‑свойму нешчасьлівыя. Але гэта было б трывіяльна. Мы ведаем шмат выключэньняў з правілаў.

Напрыклад, сын дыктатара Гаіці Таты‑Дока — Бэбі‑Док атрымаў ад таты ўладу ў спадчыну, а цяпер спакойна дажывае свае дні ў раскошнай віле на поўдні Францыі. Нядаўна, праўда, 57‑гадовы экс‑дыктатар публічна пакаяўся: «Калі падчас майго прэзыдэнцкага праўленьня ўрад зьдзейсьніў якія б то ні было фізычныя, маральныя альбо эканамічныя злачынствы ў адносінах да іншых, я афіцыйна прымаю на сябе гістарычную адказнасьць прасіць дараваньня ў народу і бесстароньняга суду над мінулым». Ахвярамі «якіх бы то ні было злачынстваў» за 30 гадоў дыктатуры абодвух Дзювалье сталі, прынамсі, 40 тысяч іх праціўнікаў.

Сыну Кім Чэн Іра Чэн Наму, які паводзіў сябе як «плэйбой», займаўся кантрабандай ювэлірных вырабаў і быў затрыманы бяз пашпарта паліцыяй Японіі, Працоўная партыя Карэі ўсё даравала. Камуністычная дынастыя павінна працягвацца.

З другога боку, за апошнія некалькі тысяч гадоў чалавечая прырода мала зьмянілася. І яна часам прарываецца вонкі, незалежна ад пасад, званьняў і нават грамадзкага ладу. Так, як гэта было ў выпадку з прынцам Чарлзам, прынцэсай Дыянай і лэдзі Камілай. Або з Клінтанам і Монікай Лявінскі.

На Захадзе падобныя выпадкі прыцягваюць агромністую ўвагу прэсы — і ня толькі таму, што яна імкнецца задаволіць цікаўнасьць публікі, але таму што грамадзтва мае права ведаць усё, што адбываецца на самым версе ўлады. Да таго ж, акрамя законаў маралі, ёсьць яшчэ проста закон. Нікаля Сарказі афіцыйна разьвёўся з жонкай і аформіў свій шлюб з Карлай Бруні ня толькі дзеля таго, каб дагадзіць публіцы. Але, найперш, таму, што ў Францыі (і ня толькі) закон строга пільнуе правы жанчын і дзяцей. Не прэзыдэнт краіны вырашае, што рабіць зь дзецьмі ў выпадку разводу, колькі ім плаціць, на якую спадчыну яны могуць разьлічваць, а суд. Ну, і, канечне, маці дзяцей і самі яны самастойна вырашаюць дзе, з кім і як ім жыць. Так прынята ў цывілізаваным грамадзтве.

У аўтарытарным грамадзтве ўсё, што ні зрабіў бы дыктатар, у тым ліку ў сваім асабістым жыцьці, выклікае толькі адну рэакцыю — ўсенароднае захапленьне.

Усе мы памятаем афарызм: ўлада разбэшчвае, абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Але мы забываем, што ўлада разбэшчвае ня толькі ўладара. Яна разбэшчвае і ягоных падуладных. Калі распуста, свавольства й хамства на найвышэйшым узроўні ня толькі не асуджаецца, але сустракаецца грамадзтвам з радаснай цікаўнасьцю й двухсэнсоўнымі ўсьмешкамі, значыць, грамадзтва яшчэ ня выйшла са стану Сярэднявечча.

Кажуць, гісторыя цывілізацыі пачалася з таго моманту, калі Сім і Яфэт, адрозна ад свайго брата Хама, прыкрылі сорам свайму бацьку Ною, які напіўся віна і заснуў.

Хаму было наканавана ўсё жыцьцё заставацца ў рабстве.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?