Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі заклікае не збіраць і не гандляваць раннімі вясновымі кветкамі, паведамілі ў прэс-службе міністэрства.
Сярод першацветаў, якія растуць у Беларусі, — кураслеп лясны, сон лугавы, пралескі і пералескі, ландыш майскі і іншыя. Ландыш не адносіцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, але патрабуе да сябе асцярожнага стаўлення, бо веснавое «вынішчэнне» можа прывесці да знікнення гэтай расліны.
Збор уключаных у Чырвоную кнігу раслін па законе забаронены і можа абярнуцца штрафам ад 20 да 50 БВ (1 БВ — 210 тысяч рублёў), для ІП — ад 25 да 200 БВ, для юрыдычных асоб — ад 35 да 1 000 БВ.
Каб спыніць збор і продаж першацветаў, Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з органамі ўнутраных спраў і інспекцыяй МПЗ па Мінску праводзіць рэйды па выяўленні парушальнікаў.
«Рэдкія вясновыя кветкі лепш не чапаць: яны прыгажэйшыя ў натуральным асяроддзі. Не варта рваць іх на букеты, лепш любавацца імі ў прыродзе, гэтым захаваем прыгажосць для будучага пакалення. Адмова кожнага з нас купляць кветкі, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дасць ім шанец квітнець кожную вясну», — нагадалі ў Мінпрыроды.