За дружбай двух харызматыкаў стаяць бізнэс-інтарэсы. Піша італьянскі камэнтатар Карло Бэнэдэці.

Расейскія алігархі зачаравалі сябра Пуціна, нямецкага канцлера Гергарда Фрыца Курта Шродэра. Посьпех натхніў расейцаў, і яны прапанавалі ўжо Рамана Продзі адказную пасаду ў кіраўніцтве «South Stream». Продзі, аднак, хоць і назваў прапанову «спакусьлівай», але адхіліў яе. Меркавалася, што ён узначаліць супольны праект выведкі і здабычы ў краінах Трэцяга сьвету, у тым ліку Лібіі. Ня выключана, аднак, што тая самая прапанова будзе пераскіраваная да іншага вядомага пэрсанажа. Ім можа стаць чалавек з атачэньня Бэрлюсконі, улічваючы непасрэдныя кантакты паміж Крамлём і кіраўніком холдынгу «Mediaset».

Расейцам трэба міжнародная падтрымка: будаўніцтва «South Stream» мае пачацца ў 2010 г. А Эўропа прагне расейскага газу. Акрамя «South Stream», які выгнецца дугой праз Сэрбію і Аўстрыю да Італіі, запраектаваны таксама «North Stream». Ён мае перасячы Балтыйскае мора ў абыход Польшчы.

Канкурэнтам выступае праект «Nabucco», які мае злучыць Цэнтральную Эўропу з радовішчамі Блізкага Ўсходу, у той час як «Іgi» праз Турэччыну і Грэцыю павінен транспартаваць газ з Азэрбайджану на поўдзень Італіі.

«Аэрафлот» — «Аліталія»

Падчас сустрэчы Пуціна з Бэрлюсконі на Сардыніі новы-стары італьянскі прэм’ер спакушаў свайго новага-старога расейскага калегу прапановай, каб «Аэрафлот» набыў італьянскую дзяржаўную авіякампанію «Аліталія», што даўно ўжо ляціць з адным крылом. Фактычна,італьянскі прэм’ер намякнуў расейскаму госьцю пра магчымасьць атрымаць важную ролю ў вялікай міжнароднай бізнэс-групе. І што вы думаеце — не прайшло і тыдня, як генэральны дырэктар расейскай авіякампаніі пацьвердзіў «гатоўнасьць узнавіць перамовы з «Аліталіяй».

Гаворачы пра «Аэрафлот», пачынаць трэба зь ягонага кіраўніка. Давайце прыгледземся да гэтага алігарха, які вызначае курс кампаніі, якая дагэтуль лётае пад сярпом і молатам. Імя гэтага пэрсанажа — Уладзімер Міхайлавіч Акулаў, 1952 г.н. Ён лётаў на вядомых самалётах савецкай эпохі — Aн-24, Tу-154. Але імклівы кар’ерны рост у «Аэрафлоце» ён забясьпечыў не дзякуючы гэтаму, а праз жаніцьбу з дачкой Ельцына. Адначасова ён сябар і Пуціна.

Цяпер «Аэрафлот» мае намер увайсьці па-вялікаму ў кола наймацнейшых авіякампаній сьвету. Зь іншага боку, У. Акулаў мае таксама доступ да скарбонкі Крамля, якою працягвае распараджацца Пуцін, нягледзячы на тое, што афіцыйна ключы мусілі б перайсьці ў рукі новага прэзыдэнта Мядзьведзева.

«Eni» — Крэмль

Апэтыты Масквы ўсё больш засяроджваюцца на чорным золаце, у якой бы частцы сьвету яно ні залягала. Вось чаму Крэмль усё больш уважліва прыглядаецца да «Eni». «Шасьцілапы сабака», як яшчэ называюць гэтую кампанію, празь яе знак, цягам гэтага году паставіў сабе на мэце дасягнуць узроўню здабычы нафты больш за 2,05 млн барэляў. Таксама італьянскі нафтагазавы гігант мае набыць частку газаразьмеркавальных сетак у Бэльгіі. За гэтай апошняй апэрацыяй тырчаць вушы магутнага «Газпрому». А ўзамен кіраўнічыя колы «Шасьцілапага сабакі» абмяркоўваюць з расейцамі магчымасьць перадачы апошнім квоты ў 16,7 % радовішча «Elephant» у Лібіі.

На прыцэле «Eni» і Ірак, дзе кампанія паўдзельнічаць у нафтавых таргах, абвешчаных мясцовымі ўладамі на чэрвень-ліпень. І зноў жа тут на арэну выходзяць расейцы, якія не згубілі тамака сваіх эканамічных кантактаў.

А вось у Казахстане ў «Eni» складваецца патавая сытуацыя. Па канчатковым праекце радовішча «Кашаган» (нафтавыя паклады ў Касьпійскім рэгіёне ацэньваюцца ў 50 млн барэляў, што супастаўна з саудаўскімі радовішчамі) перамовы з казахскімі ўладамі яшчэ не прынесьлі пэўных вынікаў. Толькі па некаторых пазыцыях праекту прыняты канчатковыя рашэньні. Масква, у гэтым сэнсе, магла б распачаць перамовы з афіцыйнай Астаной, улічваючы кантакты Пуціна з прэзыдэнтам Назарбаевым.

Азія — супольныя мэты

З «Газпромам» у якасьці гаспадара-хаўрусьніка Бэрлюсконі можа паспрабаваць распачаць і азіяцкую кампанію. У Кітаі і Індыі, напрыклад, італьянскі магнат квапіцца інвэставаць у інфраструктуру, біятэхналёгіі, паслугі сучаснай лягістыкі і тэлекамунікацыі. Масква, у сваю чаргу, мае свае пляны што да азіяцкай глябалізацыі.

Мы ня ведаем, пра што гаварылася на сустрэчы ў Сардыніі таго, хто толькі абралі, і таго, хто вось-вось меў сысьці. Аднак вядома, што Пуцін сёньня як ніколі мае патрэбу нармалізаваць расейскую інфармацыйную прастору. І, відавочна, прысутнасьць замежнага апэратара на ўнутраным рынку — чаму б не «Mediaset» — была б Крамлю дарэчы. Каналы «Mediaset» зь іхным рэклямным патэнцыялам у кожным кутку сьвету маглі б стаць сапраўдным «падарункам» ад Берлюсконі Пуціну-прэмьеру.

Вось што стаіць за пацалункамі-абдымункамі. Мы чуем «дарагі Ўладзімер» і «дарагі Сыльвіё», а пісаць трэба «дарагі «Газпром», «дарагі “Mediaset».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?