20.05.2016 / 17:39

Шушкевіча будуць судзіць за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса 13

Экс-спікера Вярхоўнага савета Станіслава Шушкевіча 24 мая будуць судзіць за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса, які адбыўся 15 мая ў Мінску. Пра гэта паведаміў былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

Разгляд адміністрацыйнай справы пройдзе ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Шушкевіча абвінавачваюць па двух артыкулах КоАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі.

Пратаколы за ўдзел у кангрэсе прыйшлі ўжо прынамсі чатыром удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку лідару прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу.

«Спачатку ўлады зрабілі ўсё, каб нам немагчыма было правесці кангрэс у памяшканні, а цяпер ужываюць рэпрэсіі за тое, што мы былі вымушаныя зрабіць яго на вуліцы», — адзначыў Статкевіч.

Нагадаем, правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Рашэнне правесці кангрэс на адкрытым паветры было прынятае пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Паводле слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўладаў, а Мінгарвыканкам адмовіўся спрыяць пошуку памяшкання.

Удзельнікамі кангрэса былі прынятыя некалькі рэзалюцый («Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў», «Аб пазіцыі кангрэса адносна выбарчай кампаніі 2016 года», «Аб адзінстве дэмакратычных сіл»). Міліцыянеры склалі некалькі пратаколаў.

Найбліжэйшым часам Беларускі нацыянальны кангрэс прыме рэгламент сваёй дзейнасці і сплануе паездкі па рэгіёнах, дзе працягне фармаваць рэгіянальныя кааліцыі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Кнехт / Адказаць
20.05.2016 / 17:51
Гэта не "суд", а плата беларусаў за страх самазванца перад масавымі акцыямі. Баяцца яны, каб із іскры не разгарэлася полымя. Робяць усё магчымае, каб народ перабываў у рэжыму страху перад рэпрэсіямі і абыякавасці да палітыкі.
0
Ladzimir / Адказаць
20.05.2016 / 18:15
Гэта будзе не суд - гэта абраза. Мітынг быў заяўлены, а тое што ўлады праігнаравалі зварод удзельніваў, не змаглі пралставіць памяшканне, гэта другая справа. Так называемая справа ў непадчыненні ўблюдкам у пагонах, па другому сказаць немагчыма, бо 80-ці гадовы грамадзянін не падчыніўся ажырэўшай мордзе міліцыянта, гэта анос. Што ж гэта за міліцыя якую збівае і зневажае хто хоча? Не гневайце народ, так званыя "Юрысты" Беларусі. Прыдзе час адказваць за свае справы. А зараз прапаную: Друкаваць прозвівішчы , а пры магчымасці і фота усіх судзей, пракурораў, следчых- усіх хто вядзе вось такія справы. Народ павінен ведаць сваіх "герояў" , іх дзяцей , блізкіх і родных. І пры сустрэчы, каб мы маглі заўседы выразіць ім свае адносіны, словы "благодарносці" і удзячнасці. Жыве Беларусь!
0
Ик... / Адказаць
20.05.2016 / 18:17
Ганьба суддзям !
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру