20.05.2016 / 20:38

Першае пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэса адбудзецца 28 мая ў Мінску 3

Першае пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэса адбудзецца 28 мая ў Мінску. Пра гэта паведаміў Мікалай Статкевіч.

Такое рашэнне, паводле слоў палітыка, сёння прыняў аргкамітэт кангрэса. «Па сутнасці, гэта было апошняе пасяджэнне аргкамітэта, яго паўнамоцтвы пераходзяць да рады», — сказаў ён.

Рада кангрэса фарміруецца з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і Мінска).

Праект рэгламенту дзейнасці рады, які будзе разгледжаны на яго першым пасяджэнні, прадугледжвае роўнасць усіх яго суб'ектаў. Рашэнні рады кангрэса будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў, пасяджэнні будуць праходзіць раз у месяц.

«На першым пасяджэнні рады кангрэса мы абмяркуем яго найбліжэйшыя задачы. Такім чынам, Беларускі нацыянальны кангрэс пачынае сваю дзейнасць. У ім будзе прадстаўлена вельмі вялікая колькасць партый і арганізацый, у тым ліку тых, кіраўніцтва якіх не падтрымала правядзенне кангрэса», — сказаў Статкевіч.

Нагадаем, правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса прайшоў у скверы імя Янкі Купалы ў Мінску 15 мая. Рашэнне правесці кангрэс на адкрытым паветры было прынята пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Паводле слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўладаў, а Мінгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання.

Удзельнікамі кангрэса былі прынятыя некалькі рэзалюцый («Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў», «Аб пазіцыі кангрэса наконт выбарчай кампаніі 2016 года», «Аб адзінстве дэмакратычных сіл»). Міліцыянеры склалі пратаколы ў дачыненні да яго ўдзельнікаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Урабляйма бульбяныя палеткі / Адказаць
20.05.2016 / 21:23
Без авангарда белнацыі "Гавары Праўду" і іх шаноўных лідараў Дзмітрыева і Караткевіч не можа быць аніякіх "нацыянальных" падзей. Сумленны беларус, хочаш быць карысным нацыі ды разбудоўваць Эўрапейскую Альтэрнатыву – далучайся да "ГП". ТаК!
0
Руды / Адказаць
20.05.2016 / 21:46
Цырк працягваецца
0
Свабода / Адказаць
20.05.2016 / 22:21
Урабляйма бульбяныя палеткі, вы нават не даказалі подпісы, сабраныя за вашую камісарку. А вашага Дзмітрыевага бачыў нядаўна ў адной кампаніі з разам з Гайдукевічам на бт.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру