фота з фэйсбука Таццяны Беланог
Следча-аператыўная група працуе на месцы дарожна-транспартнага здарэння, у выніку якога 10-гадовая дзяўчынка загінула, сем пацярпелых, паведаміла ў сваім фэйсбуку прадстаўнік следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.
Сёння каля 16.00 у Клецкім раёне адбылося сутыкненне аўтамабіляў: «Форд» і «Мазда». У выніку ДТЗ дзяўчынка, што была ў «Маздзе» загінула, кіроўцы аўтамабіляў і пасажыры - усяго 7 чалавек з траўмамі рознага характару шпіталізаваныя. Усім пацярпелым аказваецца неабходная медыцынская дапамога.
Для высвятлення абставінаў следчымі УСК па Мінскай вобласці, супрацоўнікамі ДАІ і спецыялістамі ГКСЭ праводзіцца агляд месца здарэння і іншыя неадкладныя следчыя дзеянні, напісала Таццяна Беланог.
Па факце ДТЗ распачата крымінальная справа па ч.2 арт.317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) Крымінальнага кодэкса.