З нагоды юбілею ў прэс-клюбе адбылася сьвяточная вечарына, удзел у якой узялі вядомыя ў краіне палітыкі і грамадзкія дзеячы, правабаронцы, сваякі рэпрэсаваных палітыкаў.

Прысутнічалі прадстаўнікі шэрагу амбасадаў эўрапейскіх краін, а таксама — павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд і чальцы амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Песьняй «Мая краіна» імпрэзу распачала сьпявачка Кася Камоцкая.

Першае слова ўзяў старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі. Ён нагадаў, з чаго пачыналася дзейнасьць «Вясны», акрэсьліў хроніку 20-гадовай дзейнасьці: дапамогу сотням актывістаў, перасьледаваных уладамі, закрыцьцё арганізацыі і рэпрэсіі супраць саміх актывістаў «Вясны».

Павераны амбасады ЗША Роланд Скот і Алесь Бяляцкі

Павераны амбасады ЗША Роланд Скот і Алесь Бяляцкі

«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не зьмянілася, і місія «Вясны» не завершаная», — падкрэсьліў Алесь Бяляцкі.

Упаўнаважаны бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ ў прывітальным слове падкрэсьліў значную ролю ў справе абароны правоў чалавека ўсёй «Вясны» і асабіста старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, які з прычыны сваёй дзейнасьці адбыў тры гады турэмнага зьняволеньня.

Прадстаўнік Эўразьвязу Джым Казанс выказаў захапленьне дзейнасьцю «Вясны» і яе актывістаў, а таксама запэўніў у далейшым супрацоўніцтве.

Першы сакратар амбасады ЗША Моніка Плант у сваёй прамове выказала спадзяваньне, што «дзейнасьць «Вясны» паспрыяе таму, што Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай».

Свой выступ яна скончыла воклічам «Жыве Беларусь!», на які заля адгукнулася аплядысмэнтамі.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб сказаў, што «Вясна» адзначае ня проста 20-годзьдзе дзейнасьці, а дваццацігодзьдзе змаганьня за правы чалавека ў неверагодна складаных умовах.

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Старшыня яшчэ адной праваабарончай арганізацыі — Беларускага Хэльсынскага камітэту — Алег Гулак адзначыў, што гісторыя «Вясны» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі: складаная, драматычная і плённая ў будучыні.

Зь юбілеем «Вясну» павіншавалі таксама прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацыяў Беларусі, праваабаронцы, юрысты, палітыкі.

Падарункамі для юбіляраў сталі фатаздымкі, салодкія пачастункі, а таксама сьпевы і бел-чырвона-белыя кветкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?