Цяперашняя сітуацыя на ўсходзе Украіны мае патрэбу ў новых ініцыятывах, пажадана духоўных. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю журналістам у Ватыкане пасля сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, на сустрэчы пантыфік цікавіўся сітуацыяй у рэгіёне, асабліва ў сувязі з канфліктам ва Украіне.
«Я выказаў сваю пазіцыю, што цяперашні стан, сітуацыя на ўсходзе Украіны, мае патрэбу ў новых ініцыятывах, і пажадана духоўных», — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што міратворчаму працэсу ў тым ліку спрыяла б сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Рускай праваслаўнай царквы.
«У дадзеным выпадку я запрасіў іх у Беларусь. Запрасілі б святароў і еўрапейскіх, і ўкраінскіх, і расійскіх, і нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усё разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся бы ў імя міру», — сказаў беларускі лідар.
«Мяркую, што добрая была б ініцыятыва у развіццё мінскіх дамоўленасцей», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.