Вынік дэбатаў у Менску: тэлеканал не ідэальны, але патрэбны.

8 траўня на Ўправе партыі БНФ адбыліся дэбаты на тэму «Які Белсат нам патрэбны?» Да выступу былі запрошаныя Зьміцер Падбярэскі, вядучы музычнай праграмы «Кухня» на Белсаце, і Севярын Квяткоўскі, які таксама мае досьвед працы на тэлеканале.

Паказальна, што арганізатары дыскусіі вырашылі крыху зьмякчыць фармулёўку, якая першапачаткова была пададзена наступным чынам: «Ці патрэбны нам такі Белсат?» Аднак, нягледзячы на гэта, Квяткоўскі ды Падбярэскі, якія былі анансаваныя як апанэнты, усё роўна апынуліся на адным баку барыкадаў, вымушаныя абараняць сваіх калегаў-тэлевізійшчыкаў. Абодва выступоўцы адразу папярэдзілі, што непасрэдна да тэлеканалу адносінаў ня маюць, таму ня могуць камэнтаваць ягоную інфармацыйную палітыку. Як патлумачыў Зьміцер Падбярэскі, ён калі і кантактуе з адміністрацыяй Белсату, то толькі праз прадусара сваёй перадачы. Што да Квяткоўскага, дык ягонае супрацоўніцтва з тэлеканалам абмяжоўваецца трыма сюжэтамі, якія ён зрабіў на замову стваральнікаў «Кухні».

Арына Лісецкая, прадстаўніца культурніцкай камісіі ПБНФ і мадэратарка дыскусіі, паспрабавала акрэсьліць «забароненыя» тэмы: «Сёньня мы ня будзем размаўляць пра палітыку каналу, бо ня маем на гэта права. Таксама прашу вас не падымаць пытаньне грошай, бо грамадзяне Польшчы павінны самі вырашаць, як ім выкарыстоўваць уласны бюджэт». Зрэшты, як выявілася ў часе дыскусіі, публіка гэтыя заклікі цалкам праігнаравала.

Палітыка ці культура?

Ва ўступным слове выступоўцы распавялі пра свае першыя ўражаньні ад новага тэлеканалу. «Калі я пазнаёміўся з папярэдняй сеткай вяшчаньня, то вельмі ўзрадаваўся – па некалькіх прычынах, – распавёў Падбярэскі. – Па-першае, там было вельмі мала палітыкі. Гэты тэлеканал ствараўся не для таго, каб абслугоўваць апазыцыйныя партыі ці рухі. Ён у сваёй аснове культурніцка-адукацыйны. Асноўная ідэя гэтага тэлеканалу – паспрабаваць зрабіць для беларусаў тое тэлебачаньне, якога яны ня маюць у сябе на радзіме».

А вось Севярын Квяткоўскі ня лічыць палітычны кампанэнт другарадным: «Для мяне было відавочна, што гэта палітычны крок польскага ўраду. Гэта першая краіна ў Эўропе, якая за свае грошы, дзяржаўныя – грошы падаткаплатнікаў, а не фундацыяў – прафінансавала такі праект. Нават Лукашэнка ў сваіх выступах пачаў паліваць гэты Белсат». Аднак і ў Квяткоўскага тэлеканал пакінуў збольшага станоўчыя ўражаньні: «Учора спэцыяльна пайшоў да сяброў паглядзець яго, бо яшчэ ня вырашыў, ці выдаткоўваць грошы на талерку – яна мне, у прынцыпе, не патрэбная, я ўсю інфармацыю праз інтэрнэт атрымліваю. Але дзеля Белсату купіў бы, думаю».

Палітычны падтэкст

На думку Севярына Квяткоўскага, ёсьць вялікая праблема ў тым, што замежжа падтрымлівае найперш такія праекты, якія мусяць зьдзяйсьняць пэўную палітычную місію, хоць для Беларусі больш актуальнай зьяўляецца менавіта культурніцкая, адукацыйная праца. Але яна замежных фундатараў цікавіць у апошнюю чаргу. «Любая фінансавая дапамога з-за мяжы Беларусі робіцца зь нейкім палітычным пасылам, – разважаў Севярын Квяткоўскі. – Нядаўна ў інтэрнэце прачытаў пытаньне: як вы думаеце, ці ёсьць эфэктыўнасьць ня толькі ад Белсату ды іншых мэдыяў, якія вяшчаюць з тэрыторыі Польшчы? А я падумаў: якая мусіць быць эфэктыўнасьць? Што, праз год-два дзякуючы працы гэтых мэдыяў у Беларусі павінна адбыцца памаранчавая, аксамітная ці якая іншая рэвалюцыя?” На думку журналіста, у Беларусі ідзе культурная вайна, і дапамога з-за мяжы павінна быць скіраваная на тое, каб дапамагаць беларусам зрабіцца сапраўднымі эўрапейцамі. Аднак, адзін з прысутных у залі слухачоў менавіта ў гэтым угледзеў небясьпеку: Польшча, маўляў, з дапамогай Белсату акурат і падтрымлівае выгадную ёй «эўрапейскацэнтрычную» супольнасьць у Беларусі, прасоўваючы свае нацыянальныя інтарэсы.

Хто робіць Белсат – і для каго?

Севярын Квяткоўскі заўважыў, што тэлеканал ня будзе аднолькава цікавы для ўсіх: «Надоечы я глядзеў па Белсаце ток-шоў, дзе шмат было маіх знаёмых ды калегаў. Гэта была праграма, прымеркаваная да Дня журналістыкі. Іншае пытаньне – ці з тым жа задавальненьнем паглядзеў бы гэтае ток-шоў адзін з рэдкіх паспалітых беларусаў, які сядзіць у Ружанах, увечары шчоўкае ад адной праграмы да іншай, і раптам натыкаецца на нейкую перадачу Белсату». На думку журналіста, пакуль што Белсат застаецца тэлеканалам для тусоўкі. Прычына гэтага, паводле меркаваньня Севярына Квяткоўскага, хаваецца ў тым, што канал не да канца сфармаваны канцэптуальна: «У Белсаце мусяць браць большы ўдзел беларусы. Палякі для беларусаў наўрад ці змогуць стварыць канкурэнтназдольны прадукт. Яны могуць фінансаваць, быць дырэктарамі, але сама крэатура, сам мэсыдж, усё роўна мусіць сыходзіць ад прафэсіяналаў адсюль. Пакуль што беларусы знаходзяцца ў стане гастарбайтэраў».

Пытаньне якасьці

Ладная частка часу пайшла на абмеркаваньне якасьці навінаў на Белсаце. «Калі я дазнаўся, што плянуецца паўнафарматная тэлевізія, то задумаўся: а як будуць сьвежыя актуальныя тэленавіны выдавацца ў падпольных умовах? – разважаў Севярын Квяткоўскі. – Бо адна справа – журналіст-газэтчык, які прыйшоў, паглядзеў ды напісаў. Нават для радыё можна працаваць, не прывабліваючы ўвагі да сябе з дыктафонам. А тэлекамэру за кілямэтар бачна. Цяпер я бачу, у якіх умовах як гэта робіцца, і таму лічу, што ня маю маральнага права гэтых людзей, маіх калегаў з Белсату, крытыкаваць за навіны, якія яны ствараюць».

Падбярэскі зьвярнуў увагу на складанасьці, зь якімі мусяць сутыкацца карэспандэнты Белсату: «Працаваць тэлерэпарцёрам без акрэдытацыі на вуліцах у нашых умовах зьяўляецца, па сутнасьці, парушэньнем заканадаўства. Пакуль ня будзе вырашана пытаньне акрэдытацыі тых людзей, якія здымаюць навіны, патрабаваць ад іх якаснага прадукту проста не выпадае. Людзі здымаюць цішком. Што можна зрабіць у такіх умовах, калі ты, напрыклад, ня можаш трапіць хоць бы ў тую ж палату прадстаўнікоў і адзьняць там сюжэт?»

Было закранутае і пытаньне прафэсійнага майстэрства журналістаў. «У Беларусі няма патрэбнай колькасьці тэлевізійшчыкаў-прафэсіяналаў, - мяркуе Квяткоўскі. – Я ведаю, што зь мінулага году шмат моладзі вучыцца працаваць з тэлевізіяй на Белсаце. Іншае пытаньне, што трэба мець яшчэ і журналісцкі досьвед як такі. А на элемэнтарным узроўні з карцінкай, з камэрай ты навучышся за паўгоду працаваць. Таму я зьдзівіўся, калі даведаўся, што арганізатары Белсату зьбіраліся запускаць такі паўнавартасны тэлеканал з усімі магчымымі фарматамі, з навінамі, з рознымі праграмамі... Можа варта было б спачатку як «Эўраньюс» – набываць карцінку для навінаў?» «Але ў каго набываць, у БТ? – парыраваў знакаміты тэлеапэратар Уладзімер Бабарыкін, які, адклаўшы ў бок відэакамэру, вырашыў паўдзельнічаць у дыскусіі на правах слухача. На думку спадара Бабарыкіна, які доўгі час працаваў у Беларусі апэратарам-стрынгерам для агенцтва Ройтэрз, у Беларусі няма сталай прафэсійнай школы для тэлевізійшчыкаў. «Вы кажаце, можна навучыць здымаць за паўгоду – але па такой лёгіцы і кніжку можна навучыць пісаць за паўгоду! А так да мяне падыходзіць хлопец з вуліцы ды кажа: я чатыры гады працую прафэсійным апэратарам, зь іх тры гады вясельлі здымаў, а цяпер навіны раблю. Хлопцы, тэлебачаньне так ня робіцца!». На думку Уладзімера Бабарыкіна, многія прафэсіяналы проста ня могуць і не жадаюць працаваць у такіх умовах, калі няма акрэдытацыі і хаця б мінімальнай юрыдычнай абароны для журналіста ды апэратара.

Справа тэхнікі

Адзін з прысутных спытаўся ў Падбярэскага, ці задавальняе яго якасьць карцінкі ягонай перадачы. «Гэта асобны бок, – прызнаўся журналіст. – Канечне, не. У нас няма годным чынам абсталяванай студыі. Маем нават праблему зь мікрафонамі. Быў асобны выпадак, калі праграма была ўжо зробленая, змантаваная, дасланая ў Варшаву, а там забракавалі па гуку студыйную частку – нам давялося перапісваць яе».

Праўда, іншыя прысутныя раілі не зацыклівацца на тэхнічным баку працы Белсату. «Мне здаецца, нашая дыскусія зьвялася да таго, як трэба насіць дзьверы па лесе – узад ці ўпоперак, – з горыччу заявіў адзін з удзельнікаў. – Выйшла нейкая майстар-кляса па апэратарскім майстэрстве. Калі ў перадачы будзе добрая думка, то я яе пагляджу, нават калі яе дагары нагамі здымуць. Каб было што паглядзець і што паслухаць – вось што важна».

Шмат спрэчак выклікала праблема выбару спадарожніка, празь які вядзецца вяшчаньне Белсату. Зьміцер Падбярэскі паспрабаваў патлумачыць сытуацыю: «Для таго, каб запусьціць тэлеканал на трансьляцыю праз пэўныя спадарожнікі, як і прынята ў Эўропе, патрэбная доўгая бюракратычная працэдура. Нашыя бюракраты – хлопчыкі зялёныя ў параўнаньні з эўрапейскай бюракратыяй. Але паколькі да пэўнага моманту ня было вырашанае пытаньне фінансаваньня, ніхто ня мог пачынаць перамовы з тым жа кіраўніцтвам спадарожніка «Сырыюс», які найбольш глядзяць людзі ў Беларусі. Самы танны і самы хуткі варыянт для пачатку вяшчаньня быў праз спадарожнік «Астра». Па маіх зьвестках, трансьляцыя праз «Сырыюс» павінна пачацца недзе ў кастрычніку. Можаце сабе ўявіць, які доўгі час займаюць гэтыя перамовы – практычна цэлы год».

Белсатаўскія мільёны

Некаторых удзельнікаў дыскусіі дужа цікавілі пытаньні бюджэту Белсату, пра які ходзяць легенды. Зьміцер Падбярэскі вырашыў разьвеяць усе міты: «Калі запускаўся тэлеканал, як вядома, размова вялася пра суму недзе пяць з паловай мільёнаў эўра. Для параўнаньня, гадавы бюджэт францускага інфармацыйнага каналу, які ідзе круглыя суткі без перапынку, з паўторамі, кшталту «Эўраньюс», складае 143 мільёны даляраў”.

Апэратар Уладзімер Бабарыкін прывёў у прыклад фільм пра Вольгу Корбут, у здымках якога ён удзельнічаў: «Фільм – працягласьцю гадзіна дваццаць хвілінаў. Гадоў пяць таму яго Бі-Бі-Сі здымала. Мільён трыста тысячаў даляраў бюджэт! А вы, людзі, кажаце – апэратар нішто, абы ідэя была. Мне апэратар з Лёндану даў заданьне: сфатаграфаваць дом, дзе жыла Корбут, раніцай, удзень і ўвечары. Я не разумеў, для чаго – а яны там у Лёндане ўжо выбіралі, пры якім надвор’і будуць яго здымаць... Плянавалі дні. Вось з гэтага складаецца якасьць».

Па словах Падбярэскага, нават выдзяленьне грошай яшчэ не гарантыя таго, што праца пойдзе гладка: «Вялікая праблема – няпэўнасьць фінансаваньня. Грошы былі выдзелены вельмі даўно, але яны ляжалі ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, і пераказаць іх было вельмі праблематычна. Вось паказчык эўрапейскай бюракратыі. Польскі МЗС кажа: пакажыце, як вы працуеце. Белсат ім адказвае: як мы можам паказаць, калі ў нас няма ні грошай, ні тэхнікі? Тыя кажуць: а мы ня можам нічога пераказаць на ваш рахунак, пакуль мы ня ўбачым хоць нешта з вашага прадукту. І вось гэта цягнулася недзе з паўгоду. Закончылася ўсё тады, калі я быў на трэнінгу ў Варшаве. У той час акурат праходзіла паседжаньне камісіі Сойму, дзе абмяркоўвалі гэтую праграму. Калі мы завіхаліся з дзьвюма пазычанымі вучэбнымі непрафэсійнымі камэрамі, прадстаўнік МЗС Польшчы спытаўся: дык калі вы пачнеце працаваць? Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўская адказала: дык вось жа людзі працуюць, але ў доўг. Камэры ня нашыя, апэратар ня наш, нішто ня наша, але яны здымаюць сюжэт!»

Усё наперадзе

Запрошаныя журналісты заклікалі гледачоў не прысьпяшаць падзеі. «Каб стварыць і раскруціць тэлевізію нават году мала», – заўважыў Квяткоўскі. «Каб раскруціць газэту ў нармальных умовах рынку патрабуецца найменш два гады. Тэлебачаньне – яшчэ больш складаная справа», – падтрымаў яго Падбярэзскі.

«Ня ведаю, хто сказаў, але клясная фраза: ня можа быць кіно лепшым за нашае жыцьцё, – адзначыў Уладзімер Бабарыкін. – Ня можам мы, жывучы так, калі ня ўсё ў нас у парадку, мець ідэальнае, якаснае тэлебачаньне. Але людзі для гэтага ў Беларусі ёсьць. Не кажу, што гэта тысячы. Але колькі працуе моладзі ў Нямеччыне, колькі ў Маскве прабіліся... Дзяўчаты, маладзенькія, выбіліся ў людзі і робяць нармальны прадукт. Тут яны знайшлі б сябе? Ды ніколі. Таму ўсё ў нас яшчэ наперадзе».

Дэбаты выявілі галоўную праблему – вельмі цяжка весьці дыскусію, калі яе прадмет збольшага невядомы. У дыспуце ўдзельнічала каля трыццаці чалавек. Праведзенае арганізатарамі апытаньне выявіла, што каля 40 % прысутных бачылі перадачы Белсату, але амаль усе яны проста азнаёміліся з праграмамі тэлеканалу ў інтэрнэце. Сталых гледачоў Белсату сярод прысутных практычна ня было. Цікавасьць да тэлеканалу вялікая, а ведаў пра яго бракуе. «Нам патрэбны гэты тэлеканал, файна, што ён існуе, – рэзюмавала Арына Лісецкая. – Праблема ў тым, што Беларуссю не займаюцца самі беларусы. Але гэта справа для асобнай працяглай дыскусіі».

Поўны аўдыёзапіс дыскусіі можна праслухаць тут.

Спампаваць тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?