Музеі ў сталіцы, абласцях і раёнах Беларусі ў чарговы раз далучыліся да міжнароднай культурнай акцыі «Ноч музеяў».

«Ноч музеяў» папулярызуецца як дадатак да Міжнароднага дня музеяў, які традыцыйна адзначаецца 18 мая. У Беларусі гэту культурную акцыю, як правіла, праводзяць у найбліжэйшую да 18 мая суботу, якая сёлета выпала на 21 мая.

Нацыянальны мастацкі музей у Мінску «Ноч музеяў» традыцыйна адзначае маштабна, выкарыстоўваючы максімум сваіх пляцовак. У гэтым годзе начная акцыя ў НММ носіць назву «Музей ўчора + заўтра». Пачынаючы з 18.30 наведвальнікаў музея чакаюць тэатральныя паказы, выступленні музычных гуртоў Tomato Jam, Chatte Noir, Mustelide, By Street Jazz, Lumiere Tales, «Нагуаль». У залах музея пройдзе квест па пастаяннай экспазіцыі «Мастак vs Скульптар», будзе працаваць мноства новых інсталяцый і інтэрактыўных праектаў, а таксама многае іншае.

Госці асноўнага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі змогуць наведаць два інтэрактыўныя праекты, у прыватнасці выставу 3D-карцін «Ілюзорыум» і выставу прыбораў і інструментаў, якія можна і трэба чапаць рукамі, пад назвай «Эксперыментус». У адной з залаў музея таксама пройдзе чэмпіянат па гульнях для старых відэапрыставак.

Асобныя праграмы для «Ночы музеяў» падрыхтавалі ўсе філіялы гістарычнага музея, уключаючы Музей прыроды і экалогіі, дзе пройдзе квест «Птушкі каля пушкі», атракцыён «Скрыня загадак прыроды», майстар-класы, конкурсы. Там жа будзе працаваць фітабар і салон экататуіровак.

Акцыя «Ноч музеяў» у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прымеркавана да 100-гадовага юбілею вянчання класіка беларускай літаратуры і Уладзіславы Станкевіч, таму значная частка мерапрыемстваў прысвечана менавіта вясельнай тэме. Так, госці музея змогуць трапіць на ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу ў суправаджэнні духавога аркестра Дзяржпагранкамітэта, а таксама на цырымонію ўшанавання пар, якія адзначаюць у 2016 годзе юбілей вяселля. У парку імя Купалы пройдзе паказ вясельных сукенак, а ў музеі — унікальная выстава «Ісці супольна праз усё жыццё», на якой прадстаўлены вясельныя фатаграфіі, перапіска, вершы-прысвячэнні Купалы і іншых знакамітых беларускіх паэтаў.

У музеі таксама будзе працаваць фотавыстава «Каб аднойчы…» Джона Кундстатэра, пройдуць майстар-класы па фларыстыцы, вырабе лялек-абярэгаў, старажытных вясельных песнях і танцах і многае іншае. Перад гасцямі на ганку музея выступяць мультыінструменталістка і вакалістка Кацярына Ваданосава, бард Алесь Камоцкі, гурты «Лепшы квас», «9 месяцаў вясны», «Аркестр Фішэра», Amaroka, Re1ikt.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?