22.05.2016 / 15:59

МУС не бачыць неабходнасці ва ўзмацненні кантролю на беларуска-расейскай мяжы 2

Галоўнае ўпраўленьне наркакантролю і процідзеяньню гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў ня бачыць неабходнасьці ва ўзмацненьні кантролю на беларуска-расейскай мяжы.

Гэта вынікае з адказу на зварот намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Палітык настойваў, што такі кантроль мусіць быць узмоцнены, бо наркотыкі і зброя амаль без перашкодаў трапляюць у Беларусь праз «адкрытасьць мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй».

«Супрадзеяньне незаконнаму абароту наркотыкаў ва ўсходнім кірунку ажыцьцяўляецца на пастаяннай аснове ўсімі праваахоўнымі арганамі, у тым ліку, у рамах удзелу ў дзейнасьці АДКБ», — сьцьвярджаецца ў адказе за подпісам кіраўніка ведамства Васіля Лосіча.

Паводле міліцыянта, «Беларусь зьяўляецца актыўным удзельнікам міжнароднай антынаркатычнай апэрацыі «Канал» па перакрыцьці каналаў кантрабанды наркотыкаў».

У адказе згадваецца і дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб неадкладных мерах па процідзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў», паводле якога была ўведзеная крымінальная адказнасьць за незаконнае перамяшчэньне праз дзяржаўную мяжу Беларусі наркотыкаў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі на ўліку больш за 6 тысяч наркаманаў, між тым незалежныя экспэрты мяркуюць, што насамрэч трывала залежаць ад ужываньня наркотыкаў ня менш за 50 тысяч беларусаў.

Якія наркотыкі і адкуль трапляюць у Беларусь?

Як зазначаюць экспэрты, з Расеі ў Беларусь пранікаюць у асноўным гашыш і гераін, з Украіны опіюмныя наркотыкі і марыхуана. Нямала традыцыйных наркотыкаў завозяць таксама з дальняга замежжа транзытам у краіны Эўразьвязу.

Што да сынтэтычных наркотыкаў, якія сталі асабліва папулярнымі ў апошнія гады, яны патрапляюць звычайна альбо праз краіны Эўропы, альбо з Кітая праз Расею.

Другі месяц у Менскім гарадзкім судзе праходзіць працэс над 17 грамадзянамі, якіх абвінавачваюць у распаўсюдзе псыхатропаў, дастаўленых з Расеі. На лаве падсудных у тым ліку былы супрацоўнік КДБ, былы міліцыянт і былы журналіст.

0
Бенедзікт / Адказаць
22.05.2016 / 19:59
МУС не бачыць неабходнасці ва ўзмацненні кантролю на беларуска-расейскай мяжы ------------------------------------ Хіба нехта чакаў іншага адказу? Хіба не зразумелая пазіцыя Адміністрацыі прэзідэнта, МУС, КГБ і г.д. у сітуацыі, калі РПЦ, "беларускія казакі" і "Русскій мір" правяць баль на беларускай зямлі з дапамогай узгаданых арганізацыяў? Верх наіўнасьці зьвяртацца да гэтых структураў прарасейскай улады. Ёсьць іншы шлях - самім вырашаць лёс сваёй бацькаўшчыны ...
0
серж / Адказаць
22.05.2016 / 22:06
только если их дети станут наркоманами, тогда они поймут
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру