На хатнім этапе Кубка свету BSB Bank па мастацкай гімнастыцы беларускія гімнасткі выйгралі сем медалёў. Спаборніцтвы завяршыліся 22 мая ў мінскім Falcon club.

У заключны дзень турніру разыгрываліся медалі ў асобных відах. Лідар беларускай зборнай Меліціна Станюта ў нядзелю тройчы ўздымалася на п'едэстал гонару. У практыкаванні з абручом яна заваявала срэбра (18,700 бала), за кампазіцыю з мячом — бронзу (таксама 18,700 бала). Трэцяе месца нашай спартоўцы дасталася і пасля выступу з булавамі (18,650 бала). У практыкаванні са стужкай Станюта заняла пятае месца, а чацвёртае — яшчэ адна наша суайчынніца, Кацярына Галкіна.

Напярэдадні, 21 траўня, Станюта выйграла бронзу ў індывідуальным шматбор'і. Такім чынам, на яе рахунку — чатыры медалі.

Найлепшай гімнасткай мінскага этапу Кубка свету стала расіянка Маргарыта Мамун: яна выйграла ва ўсіх чатырох відах спаборніцтваў — у практыкаваннях з абручом (19,000 бала), мячом (19,150), булавамі (19,100) і стужкай (18,950).

Каманда Беларусі (у складзе Ксеніі Чалдышкінай, Ганны Дудзянковай, Марыі Кадобінай, Марыі Кацяк, Валерыі Пішчэлінай і Арыны Цыцылінай) у групавых практыкаваннях з пяццю стужкамі заняла другое месца — 17,950 бала. Першае месца атрымалі расіянкі — 18,150, бронзу выйгралі гімнасткі з Ізраіля — 17,750 бала.

Затое беларуская каманда перамагла ў заключным відзе праграмы — групавых практыкаваннях з двума абручамі і шасцю булавамі — 18,550 бала. Срэбраныя ўзнагароды выйгралі італьянскія гімнасткі — 18,050, бронзамвыя медалі атрымалі ізраільцянкі — 18,000.

За дзень да гэтага зборная Беларусі заваявала залатую ўзнагароду ў шматбор'і у групавым практыкаванні.

Бліжэйшыя старты беларусак чакаюць з 25 па 30 траўня ў Сафіі, дзе адбудзецца чарговы этап Кубка свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?