У 2009 годзе лонданскі аэрапорт Хітроў запусціў у эксплуатацыю цалкам аўтаматызаваную транспартную сістэму з беспілотнымі аўтамабілямі. Тое, што раней здавалася фантастыкай, стала рэальнасцю. Машыны-модулі на акумулятарах перавозяць пасажыраў найбуйнейшага аэрапорта Еўропы без кіроўцы.

Гэта адна з першых транспартных беспілотных сістэм, якую запусцілі ў эксплуатацыю. Але падобныя машыны здольныя ездзіць толькі ў межах адмысловай транспартнай сістэмы па зададзеным алгарытме — працаваць на звычайных дарогах яны не могуць.

Якія існуюць яшчэ транспартныя беспілотныя сістэмы, наколькі яны гатовыя да эксплуатацыі і ці магчыма наогул адмовіцца ад паслуг кіроўцаў у найбліжэйшыя гады?

Шматлікія кампаніі займаюцца распрацоўкай беспілотных аўтамабіляў. Сярод іх як прамысловыя гіганты (General Motors, Volkswagen, Volvo), так і праекты іншых кампаній (Google, 2getthere, AKTIV, Tesla).

Беспілотнік Mercedes

Беспілотнік Mercedes

Некаторыя кампаніі ўжо прэзентуюць свае беспілотныя канцэпты. Напрыклад, Audi прапанавалі журналістам пратэсціць беспілотную версію мадэлі A7. Свой беспілотнік Concept IAA прэзентаваў і Mercedes.

Канкурэнцыя высокая, таму свае праекты прэзентуюць і іншыя вытворцы. Аўтамабілі маюць аўтапілот, аднак падобныя канцэпты могуць толькі паркавацца, ехаць па вялікіх трасах і ў заторах.

Фактычна, яны не з’яўляюцца паўнавартаснымі беспілотнікамі, паколькі не ў стане ездзіць у гарадскім асяроддзі.

Вытворцы даўно ўсталёўваюць на свае аўтамабілі электроніку для круіз-кантролю, распазнавання палос і іншых карысных функцый. Гэта звычайная эвалюцыя аўтамабільнай электронікі. Аднак цалкам аўтаномная машына — крыху іншая справа. Такі аўтамабіль павінен распазнаваць пешаходаў, раварыстаў, дарожныя знакі і камунікацыі паміж удзельнікамі руху. Падобныя транспартныя сродкі з’явяцца не раней, чым у пачатку наступнага дзесяцігоддзя. Серыйная вытворчасць цалкам беспілотных аўтамабіляў пачнецца яшчэ пазней.

Адзін з заснавальнікаў кампаніі Uber Трэвіс Каланік адзначыў: «Па-першае, стварэнне беспілотных аўтамабіляў зойме значна больш часу, чым гэтага чакаюць СМІ. Па-другое, гэта будзе вельмі працяглы пераход. У адных месцах такія аўтамабілі будуць працаваць, у іншых — не».

Задача даволі амбіцыйная: стварыць аўтамабіль, які б распазнаваў самыя розныя сітуацыі на дарозе: ад футбольнага мяча, які вылецеў на дарогу, да плямы з фарбай на дарозе. У дадзены момант беспілотныя аўтамабілі нават не могуць адрозніць скамечаную паперу ад каменя. У адрозненне ад аўтамабільных гігантаў і стартапаў, якія ўзяліся за найбольш простую і рэалістычную частку (язду па трасе на аўтапілоце), Google паставіў перад сабой больш амбітную задачу: стварыць цалкам аўтаномны ў гарадскіх умовах аўтамабіль.

З 2010 года Google тэсціруе аўтамабілі Toyota Prius, Lexus RX450h і Audi TT з усталяванай сістэмай, якая выкарыстоўвае інфармацыю Google Street View, відэакамеры, датчык святла на даху аўтамабіля і радары. На сакавік 2016 года аўтамабілі Google праехалі ў суме больш за 2,4 млн км.

Але пакуль заўчасна казаць пра тое, што беспілотнік ад Google у хуткім часе зможа выйсці на аўтамабільны рынак. Найбольшую праблему ўяўляюць не столькі тэхналогіі, колькі нявырашанасць юрыдычных і этычных пытанняў.

Заканадаўства ва ўсіх краінах пакуль што не гатовае да беспілотных аўтамабіляў. Незразумела, хто будзе несці адказнасць у выніку аварыі (вытворца альбо ўладальнік аўтамабіля). Няма адзінага меркавання наконт таго, як павінен паводзіць сябе камп’ютар пры непазбежным сутыкненні, калі ў любым выпадку пры сутыкненні будуць ахвяры, і як камп’ютар будзе вырашаць, хто будзе ахвярай у падобнай сітуацыі. Які алгарытм павінна выбраць машына, калі сутыкненне непазбежнае і магчымы два варыянты: звярнуць налева і збіць цяжарную жанчыну альбо звярнуць направа і збіць двух дзяцей?

Не вырашана пытанне прыватнасці асоб. Таксама можа ўзнікнуць праблема бяспекі, паколькі ёсць імавернасць выкарыстання беспілотных аўтамабіляў тэрарыстамі. Разам з вырашэннем этычна-прававых пытанняў, патрэбна будзе цалкам мадэрнізаваць транспартную інфраструктуру і перапрафіляваць кіроўцаў, якія застануцца без працы.

Аўтамабільныя вытворцы распрацоўваюць беспілотныя сістэмы не толькі для легкавых аўтамабіляў, але і для грузавікоў. Канцэрн Daimler нядаўна прэзентаваў аўтаномныя грузавікі, якія здольныя пад кіраваннем аўтапілота самастойна рухацца па грамадскіх дарогах. Грузавікі могуць ісці разам і абменьвацца дадзенымі праз Wi-Fi. Такі ланцужок з беспілотных грузавікоў будзе займаць менш месца, чым ланцужок грузавікоў з кіроўцамі, бо дыстанцыя паміж машынамі скарачаецца з 50 метраў да 15-ці.

Уласныя распрацоўкі ёсць і ў беларускіх аўтамабілебудаўнікоў. У пачатку 2015 года БелАЗ прэзентаваў беспілотны кар’ерны самазвал БелАЗ-75131 грузападымальнасцю 130 тон. Самазвал можа рухацца па загадзя зададзеным маршруце пры дапамозе GPS. Прэс-служба БелАЗа паведаміла «Нашай Ніве», што пакуль дадзеная мадэль працягвае выпрабаванні і ў серыйную вытворчасць не трапляла.

Такім чынам, нягледзячы на імклівае развіццё тэхналогій, пакуль заўчасна чакаць у хуткім часе шырокага распаўсюджвання цалкам беспілотных аўтамабіляў. Без вырашэння юрыдычных, этычных і тэхнічных пытанняў беспілотныя машыны ў горадзе так і застануцца фантастыкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?