У нядзелю завяршыўся Варшаўскі кніжны кірмаш. Гэта адна з самых буйных кніжных імпрэз у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. Другі год Беларусь на кірмашы ў польскай сталіцы прадстаўляе кніжны праект Books from Belarus, у які ўваходзіць пяць незалежных выдавецтваў: Галіяфы, Логвінаў, Кнігазбор, Архэ й Янушкевіч. Сёлета беларускі павільён знаёміў гасьцей кірмашу з жаночым тварам беларускай літаратуры.

Падчас чатырох дзён імпрэзы Books from Belarus прэзэнтаваў творчасьць шасьцёх аўтарак: Алены Брава, Сьвятланы Алексіевіч, Насты Кудасавай, Марыі Роўды, Тацьцяны Скарынкінай і Валянціны Аксак. Польскае радыё прадстаўляе цыкл інтэрвію з удзельніцамі Варшаўскага кніжнага кірмашу. Сёньня Дзьмітры Гурневіч размаўляе з Марыяй Роўдай.

У мінулым годзе выйшла яе кніга «Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі», дзе сабраныя аповесьці й апавяданьні аўтаркі.

— Марыя, Варшаўскі кніжны кірмаш адбываецца ўжо сёмы раз. Раскажыце пра вашае знаёмства з гэтай імпрэзай.

М. Роўда: У Варшаўскім кніжным кірмашы я ўдзельнічаю першы раз. Уражвае колькасьць і якасьць прадстаўленых кніг, афармленьне, паліграфія. Ёсьць шмат перакладаў сусьветнай літаратуры на польскую мову. Прыемна ўражвае колькасьць людзей, якія набываюць кнігі.

— Беларуская праграма праходзіць пад назвай «Жаночы твар беларускай літаратуры». Вас не засмучае такі гендэрны дысбалянс?

М. Роўда: Калі чытаеш такую назву, то думаеш, што тут суцэльная «вальпургіева ноч». Але сапраўды ўражвае тое, што жанчынамі робіцца столькі сур’ёзнай працы. Тут мы ўдзельнічаем у цікавых сустрэчах разам са швэдамі, бо наш павільён не толькі беларускі, гэта беларуска-швэдзкая сцэна. Калі адарвацца ад кірмаша, то жанчыны займаюцца ўжо не толькі так званымі жаночымі справа. Рэчаіснасьць такая, што мы маем цэлыя генэрацыі цікавых жанчын-творцаў, якія прыгожа пішуць на тэмы каханьня, любові да радзімы, на актуальныя тэмы. І гэта вартае прачытаньня й абмеркаваньня.

— А што такое жаночы твар беларускай літаратуры? Чым ён адрозьніваецца ад мужчынскага?

М. Роўда: Беларуская жаночая літаратура мае сваю адметнасьць. Канешне, гэта патрабуе сур’ёзнага літаратурнага аналізу, але гэта й выбар тэматыкі, і падыход да апрацоўкі тэмы. Мне здаецца, што сёньня ў нас чытаюць асабліва сучасных маладых аўтарак. Беларуская жаночая літаратура даволі авангардная па мэтадзе пісаньня, па выбары вобразаў. У нас былі сур’ёзныя настаўнікі сярод мужчын і сярод жанчын. Я б не стала разьмяркоўваць гэта па гендэрным прынцыпе, але для нас гэта вялікае шанцаваньне трапіць у такой суполку, пазнаёміцца, кантактаваць адна з адной, дзяліцца творчымі плянамі, назіраньнямі. Гэта цудоўна.

— Літаратура, тым ня менш, гэта ня толькі само пісьменства. Сёньня гэта й рэкляма, мэнэджмэнт і зваротная сувязь з чытачамі. І часта ўсе гэтыя функцыі мусіць выконваць сам аўтар. Гэта вас не бянтэжыць?

М. Роўда: Гэта так. Увогуле ў Беларусі апошні год стала цяжкавата купляць кнігі. Ведаю гэта па сабе. Раней мы не задумваючыся куплялі кнігі стосамі. Цяпер трэба лічыць капейку. Я ведаю, што ў Беларусі ідзе абмен кнігамі. Ведаю па дзіцячай літаратуры. Нехта прачытаў кнігі й перадаў далей. Людзі дараць кнігі адзін аднаму. Мае сябры зь Нямеччыны, у якіх дома мора кніг, чытаюць і перадаюць далей. Яны не бачаць у гэтым нічога страшнага. Ідзе рух інфармацыі й гэта файна. Для чытача гэта проста рай. Чытачы сёньня дапамагаюць аўтарам.Але агулам людзі чытаюць менш.

— У Польшчы летась ажно 63% палякаў не прачыталі аніводнай кнігі. У Беларусі кніжны рынак яшчэ больш сьціплы, чым у Польшчы.

М. Роўда: Памятаю, што ў апошнія савецкія часы ў нас дома было некалькі паліц беларускай клясыкі. У суседняй вясковай школе ў нас перабывалі, бадай, усе беларускія аўтары. У нас суседняя вёска называлася Старынкі й суседзі казалі, што Старынкі зарабляюць на кніжкі. Чыталі шмат і дагэтуль людзі абменьваюцца кніжкамі. Прага вялікая. Памятаю, як некаму ўдалося набыць кнігу, а іншаму не, то крыўда была вялікая. Людзі сапраўды купляюць, чытаюць, абмяркоўваюць. Зараз таксама чытаюць шмат, але стараюцца знайсьці ў інтэрнэце. Тут ёсьць чыньнік грошай, а зь іншага боку гэта проста зручна, калі ты чытаеш з пляншэта ці тэлефона. Вялікі адсотак у нас займае расейскамоўная літаратура й перакладная. Але калі б быў інфармацыйны доступ, калі б разгайдаць гэты маятнік, то чыталі б па-беларуску як і ў 80-ыя гады, калі сапраўды не купіць было асобнікаў.

— А што такое жаночы твар беларускай літаратуры? Чым ён адрозьніваецца ад мужчынскага?

М. Роўда: Важны інтэрнэт, але нельга забываць, што там усё ж абмежаваная колькасьць людзей. У сацсетках гэтая пэўная колькасьць сяброў. Калі іх 200 альбо 2000 тысячы, то чытаюць і лайкаюць толькі 10%. Вельмі важна сустракацца з чытачамі й размаўляць. Важны ўплыў тэлевізіі й радыё. Мне зь вёскі тэлефануюць сваякі й кажуць: «- Ты ведаеш, па тэлевізары казалі, што Марыя Роўда напісала кніжку. Што за яна?» Нашыя людзі разумныя, яны прагнуць сваіх тэмаў, сваіх гісторый. Яны хочуць убачыць сябе як у люстэрку, хочуць, каб пра іх было прамоўлена. Гэта нармальна. Яны жывуць цяпер і тут і хочуць пра гэта чытаць і бачыць. І гэта трэба ў людзях падтрымліваць.

— У Беларусі ёсьць багата літаратурных прэмій. Галоўная зь іх, бадай, прэмія Гедройца. Вы сёлета таксама сярод намінантаў. Які сёньня ўплыў прэмій на літаратурнае жыцьцё?

М. Роўда: Мой удзел – гэта вялікая аванцюра. Калі я пабачыла сьпіс, то зразумела, што ў мяне няма шанцаў. Але гэта цудоўная інтрыга. Людзі становяцца на вушы. Дубавец публікуе свае ўражаньні і ўсе гадаюць: а пра каго ж ён піша. Людзі чытаюць. Альбо скандал вакол прэміі «Дэбют». Людзі сочаць, цікавяцца, можа некаму гэта дапаможа ўзяць у рукі кнігу. Наяўнасьць прэмій вельмі важная. Людзі бачаць, што за гэта даюць грошы, то бок гэта пачэсная справа. У нас людзі вельмі часта матэрыяльна нематываваныя. Гадоў 10 таму я ехала ў трамваі й за мной сядзеў спадар і кажа жанчыне побач: «- А я беларускі паэт, я кніжку напісаў». На жаль я не ведаю хто гэта быў. Гэта, канешне, выглядала жахліва. А дзякуючы сацсеткам, прэміям, ёсьць інтрыга й гэта матывуе, найперш, саміх аўтараў. Людзей падбухторвае канкурэнцыя і ў літаратуры тое самае.

— А на што канкурэнцыя ў літаратурным пляне падбухторвае менавіта вас?

М. Роўда: Я хацела б напісаць кнігу пра эмацыйны гвалт у дачыненьні да жанчын. Пры чым нават не з боку мужчын. У мяне так добра склалася, што мяне акаляюць найцудоўнейшыя мужчыны. А вось як жанчыны паміж сабой кантактуюць – гэта іншая тэма. У Нямеччыне, дзе я часта бываю, там зусім іншыя стасункі паміж жанчынамі. Там ёсьць салідарнасьць, бо ім даводзілася разам прабівацца. А на нас гэта ўсё прымусова звалілася. Праца, сумяшчэньне кар’еры й дзяцей, сям’і. У нас гэта зусім іншая тэма. Гэта, канешне, мяняецца. У людзей зьяўляюцца мэты. Нават калі яны проста хочуць разбагацець, калі проста імкнуцца да дабрабыту, то й гэта цудоўна. Яны будуюць свой дабрабыт, а ўжо сваім дзецям яны пойдуць і купяць файную кніжку. Яны адправяць сваіх дзяцей у добрую школу. Мы часта скардзімся на нашае жыцьцё, але сёньня ў нас неверагодныя магчымасьці ў параўнаньні зь нядаўнім мінулым. Нам трэба самарэалізоўвацца, і мужчыным і жанчынам. Шукаць тое зерне, каторае трэба пасадзіць, вырасьціць і ўзгадаваць для наступных пакаленьняў. Трэба паменей наракаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?