Жыхарка Ляхавіцкага раёна падазраецца ў замаху на наўмыснае забойства чатырохмесячнага пляменніка.

Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры Ляхавіцкага раёна, 12 мая ў дачыненні да жанчыны распачата справа па ч. 1 арт. 14 Крымінальнага кодэкса (замах на злачынства) і п. 2 ч. 2 арт. 139 (забойства).

Паводле звестак следства, 11 мая ў 20.55 у міліцыю прыйшло паведамленне з раённай бальніцы аб тым, што ў медустанову з пранікаючым нажавым раненнем брушыны дастаўлены чатырохмесячны жыхар вёскі Навасёлкі. Цялесныя пашкоджанні 11 мая ў 20.30 у доме па месцы жыхарства былі нанесены малому цёткай. 33‑гадовая жанчына жыве сумесна з сям’ёй свайго брата — бацькі пацярпелага хлопчыка. У гэты вечар яе папрасілі паглядзець з дзіцем, пакуль яго маці даіла карову.

Паводле наяўных на гэты час звестак, жанчына, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення, ударыла малога ў жывот кухонным нажом. У раённай бальніцы дзіцяці была зроблена аперацыя. Медыкі ацэньваюць яго стан як цяжкі. 12 мая хлопчыка перавялі ў брэсцкую абласную дзіцячую бальніцу.

Падазроная ва ўчыненні злачынства змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання. Праводзіцца расследаванне.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0