Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ініцыюе ўвядзенне ў краіне страхавання па беспрацоўі і на выпадак страты заробку з прычыны банкруцтва наймальніка, паведамляе прэс-служба ФПБ.

Такую прапанову кіраўніцтва федэрацыі абнародавала падчас круглага стала 24 мая.

Як адзначыла на мерапрыемстве кіраўніцтва прафсаюзнай арганізацыі, федэрацыя занепакоена працэсамі, якія адбываюцца ў эканоміцы, звязанымі, у прыватнасці, з ростам вымушанай няпоўнай занятасці.

«Сёння, калі мы сутыкнуліся з шэрагам складанасцяў у эканоміцы краіны, ёсць пытанні, якія тычацца забеспячэння поўнай і эфектыўнай занятасці. За апошні год мы назіраем павелічэнне вымушанай няпоўнай занятасці, ёсць прадпрыемствы, якія не ў стане своечасова выплачваць заработную плату», — заявіў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

У сувязі з гэтым, дадаў ён, асаблівую актуальнасць набывае пытанне дастатковасці страховачных механізмаў, якія дазваляюць змякчаць наступствы вышэйпералічаных негатыўных працэсаў для працоўных.

«Мы ўважліва прааналізавалі наша заканадаўства, паглядзелі на сусветны вопыт і бачым, што ёсць неабходнасць у павышэнні ўзроўню дзейных гарантый на аснове ўкаранення прынцыпова новых падыходаў», — сказаў Орда.

Як адзначае прэс-служба ФПБ, міжнародны вопыт сведчыць, што страхаванне па беспрацоўі і страхаванне на выпадак страты заробку па прычыне банкруцтва прадпрыемства з'яўляюцца дзейснымі мерамі абароны працоўных.

«Сёння Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ініцыюе ўкараненне дадатковага механізму абароны работнікаў — страхавання па беспрацоўі. Гэта дасць магчымасць не дапусціць рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця чалавека: як правіла, страхавыя выплаты ўвязаныя з памерам ранейшага заробку і страхавых адлічэнняў работніка», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ФПБ.

Пры гэтым адзначаецца, што ўкараненне такога механізму патрабуе прапрацоўкі шэрагу пытанняў. У прыватнасці, трэба будзе вызначыць, якімі павінны быць мінімальны страхавы стаж і працягласць перыяду выплаты дапамог, як будзе фінансавацца сістэма страхавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?