І свой апошні матч на чэмпіянаце сьвету па хакеі зборная Беларусі прайграла.

Гэтым разам зборнай Даніі – 2:3. І зноў, як у матчы з Расеяй, апошнюю шайбу беларусы прапусьцілі ў овэртайме. Нашы суайчыньнікі выйгралі на чэмпіянаце толькі адзін матч: зь лядашчымі французамі (3:1). Можна колькі заўгодна ганарыцца овэртаймамі з расейцамі і чэхамі, але вынік адзін.

Дзякуючы паразе ў овэртайме – г.зн. нашыя хакеісты набралі адзін бал, а землякі Ханса Хрысьціяна Андэрсэна, Ларса Ульрыха і Пэтэра Шмэйхеля – два балы, -- зборная Беларусі засталася на пятым месцы ў групе і дзявятым на чэмпіянаце.

І мусяць калі не наліваць : ), то прынамсі моцна аддзячыць немцаў: зборная Германіі выйграла ў латышоў 5:3, і не пусьціла нашых паўночна-заходніх суседзяў у чвэрцьфінал і, адпаведна, на Алімпіяду-2010 ў Ванкувэр без адбору.

Калі нарвэжцы ня зробяць сэнсацыі і ня выйграюць бронзы, то ў Ванкувэр едуць беларусы.

Турнірнае становішча:

Група "Е": Расея – 13, Чэхія, Швэцыя, Швайцарыя – па 9, Беларусь – 3, Данія – 2.

Група "F": Канада – 15, Фінляндыя – 11, ЗША – 9, Нарвэгія – 4, Нямеччына і Латвія -- па 3.

Такім чынам чвэрцьфінальныя пары наступныя:

Швэцыя – Чэхія (матч 14 траўня, пачатак а 20-й), Канада – Нарвэгія (матч 14 траўня, пачатак а 22:30)

Расея – Швайцарыя, Фінляндыя – ЗША (два матчы ў ноч на 15-га траўня, а 02:15).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0