На жонку сакратара Рады нацбяспекі і абароны Украіны Ганну Турчынаву напаў узброены нажом мужчына.

Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.

«Некалькі гадзін таму на жонку Турчынава быў здзейснены ўзброены напад … Зламыснік напаў на Ганну Турчынаву проста ў інстытуце, дзе яна працуе. Напаў з нажом, крычаў: «Вы ў мяне, с…., адкажаце», — напісаў ён у фэйсбуку.

Па словах Авакава, нападніка «абясшкодзілі і затрымалі».

Цяпер мужчыну дапытваюць.

«Нападнік, жыхар Данецкай вобласці, прыехаў мэтанакіравана з акупаванай тэрыторыі для нападу на сям'ю Турчынава. У затрыманага тэрарыста канфіскавалі камплект халоднай зброі. На допыце ён паводзіў сябе нахабна, пагражаючы Турчынаву і кіраўніцтву дзяржавы, крычаў, што яго справу давядуць да канца іншыя», — расказаў міністр.

У галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі Кіева ўдакладнілі, што ў выніку нападу ніхто не пацярпеў.

Пазней Аляксандр Турчынаў у сваім фэйсбуку падзякаваў ахоўніку ВНУ і паліцэйскім за аператыўнасць і прафесіяналізм.

«Тэрарысты не могуць адолець нас у баі, і таму імкнуцца падступна зводзіць рахункі з безабароннымі жанчынамі. Але ім не ўдасца запалохаць ні мяне, ні маю сям'ю», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?