Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць каталіцка-праваслаўны дыялог у Беларусі прыкладам для Еўропы. Пра гэта ён заявіў сёння журналістам.

Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, Беларусь з'яўляецца ўзорам па мірным суіснаванні рэлігій, а выстава беларускіх абразоў, прадстаўленая ў Ватыкане, як раз дэманструе вынікі працяглай сумеснай працы каталікоў і праваслаўных.

«Сёння неабходны гэты дыялог, каталіцкая і праваслаўная цэрквы павінны дапамагчы будаваць Еўропу не толькі прававую, але і духоўную. Для іміджу нашай краіны гэта — відавочны плюс», — перакананы ён.

Фота з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея

Выстава беларускіх абразоў у Ватыкане выклікала вялікую цікавасць з боку наведвальнікаў. Гаворка пра ўнікальную экспазіцыю вялася нават на пленарным пасяджэнні італьянскай канферэнцыі біскупаў, на якой прысутнічаў і мітрапаліт Кандрусевіч, і прадстаўнікі розных еўрапейскіх краін.

Выстава «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» адкрылася ў музеі Ватыкана 18 мая. Праз некалькі дзён пасля афіцыйнага адкрыцця яе наведаў Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала П'етра Параліна. 

Экспазіцыя, якая ўключае 31 ікону беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аклады, знаёміць італьянскіх спецыялістаў і шматлікіх турыстаў з усяго свету з унікальнымі творамі беларускай сакральнай культуры.

Пазнаёміцца з унікальнымі абразамі з калекцыі НММ ў Ватыкане можна да 25 ліпеня. Плануецца, што ў канцы верасня бягучага года выстава будзе дапоўненая іншымі каштоўнымі экспанатамі з фондаў НММ і прэзентаваная ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?