Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект, які прадугледжвае змякчэнне пакарання за эканамічныя злачынствы, а таксама дэкрыміналізацыю некаторых такіх злачынстваў.

У прыватнасці, прапануецца пашырыць пералік злачынстваў, пры якіх магчыма вызваленне ад крымінальнай адказнасці — дадаць у яго розныя незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі, незаконнае выкарыстанне чужога таварнага знака групай асоб і іншыя злачынствы.

Унесеныя Пуціным папраўкі прадугледжваюць таксама зніжэнне сумы грашовай кампенсацыі, якую парушальнік абавязаны пералічыць у бюджэт для пазбаўлення ад крымінальнага пераследу.

Прапануецца таксама падняць парог нанесенай шкоды, з якога наступае крымінальная адказнасць прадпрымальнікаў. Напрыклад, павышаецца сума буйной і асабліва буйной шкоды па артыкуле пра нявыплату мытных плацяжоў.

Таксама закон уносіць змены ў парадак вядзення следства і заключэння падазраваных: напрыклад, бізнэсменам, чыя свабода абмежаваная, дазволілі бачыцца з натарыусам.

Разам з тым заканадаўчая ініцыятыва утрымлівае і нормы, якія ў шэрагу выпадкаў робяць больш жорсткімі адказнасць нядобрасумленных прадпрымальнікаў. Так, артыкул КК аб махлярстве Пуцін прапанаваў дапоўніць пунктам аб наўмысным невыкананні дамоваў у прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта пагражае штрафам да 300 тысяч рублёў (4,5 тысячы даляраў), пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў або прымусовымі працамі.

У тлумачальнай запісцы да дакумента гаворыцца, што адной з яго асноўных мэтаў з'яўляецца стварэнне ў краіне спрыяльнага бізнэс-клімату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?