Праз 20 гадоў раскопак археолагі знайшлі магілу старажытнагрэчаскага філосафа.
3domen.com
Магіла знаходзіцца на паўвостраве Халкідзікі, непадалёк ад пасёлка Алімпіяда. Пра гэта на канферэнцыі «Арыстоцель — 2400 гадоў» распавёў грэчаскі археолаг Костас Сісмандзіс.
Пахаванне знаходзіцца на схіле паўночнага прыгарада Стагіры, дзе і нарадзіўся Арыстоцель, паведамляе грэчаская тэлерадыёкампанія ERT, якую цытуе «Дождь».
«Мы знайшлі магілу, знайшлі алтар, які згадваўся ў старажытных пісаннях. Шлях, які вядзе да пахавання, знаходзіцца недалёка ад старажытнага горада Агора», — растлумачыў ён.
Таксама адзначаецца, што магілу, пра якую кажа Сісмандзіс, знайшлі яшчэ ў 1996 годзе, аднак тады факт таго, што яна належыць менавіта Арыстоцелю, не пацвердзілі.
Як вядома, старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель памёр у 322 годзе да нашай эры. Ён быў вучнем Платона, выхоўваў Аляксандра Македонскага. Стварыў усебаковую сістэму філасофіі, якая ахапіла сацыялогію, логіку, фізіку. Лічыцца адным з самых уплывовых старажытнагрэчаскіх філосафаў.